Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: адмова ад атамнай зброі – маральны імператыў

Кардынал П’етра Паралін звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму ядзернага раззбраення, якая прайшла ў Асізі па ініцыятыве грамадскай арганізацыі “Камітэт па справах цывілізацыі любові”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Бліжэйшы супрацоўнік Папы ў сваім відэапасланні нагадаў, што бяспека не можа грунтавацца на пагрозе ўзаемнага знішчэння, бо такі падыход спрыяе пашырэнню страха і напружанасці. У аснове бяспекі павінны быць справядлівасць, цэласнае развіццё чалавека, павага да правоў, клопат пра экалогію, развіццё адукацыйных і медыцынскіх структур, дыялог і салідарнасць.

Знішчэнне атамнай зброі ватыканскі іерарх назваў “маральным і гуманітарным імператывам”. Неабходна прасоўванне “этыкі міру”, а таксама мультылатэральныя адносіны і супрацоўніцтва, як перашкода для ізаляцыянізму.

Дзяржасакратар звярнуў увагу на тое, што ў студзені 2022 г. адбудзецца Х Канферэнцыя па пераглядзе Дамовы аб нераспаўсюджванні атамнай зброі, якая стане магчымасцю для краін, асабліва тых, якія валодаюць такімі ўзбраеннямі, “выразна прадэманстраваць здольнасць разумець сучасныя выклікі, прымаць і вырашаць іх”. Яшчэ адна важная падзея, на яго думку, гэта сустрэча падпісантаў Дамовы аб забароне атамнай зброі, якая пройдзе ў сакавіку 2022 г. Кардынал Паралін назваў заключэнне такога пагаднення “поспехам мультылатэральнай дыпламатыі” і адзначыў важнасць укладу грамадскіх арганізацыі ў тое, што падпісанне такога дакумента стала магчымым.

Напрыканцы зварота іерарх нагадаў прапанову Папы накіраваць рэсурсы, якія вылучаюцца на стварэнне атамнай зброі, на падтрымку міра, развіцця і аховы здароўя праз стварэнне адмысловага сусветнага фонда.
 

17 лістапада 2021, 12:42