Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: месца бедных не ля касцёльных брам, а ў сэрцы Касцёла

“Прашу прабачэння ад імя ўсіх хрысціян, якія паранілі, ігнаравалі ці прынізілі вас”, - сказаў Пантыфік, звяртаючыся да людзей, якія пакутуюць ад галечы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

14 лістапада 2021 г. Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў малітоўнай анлайн-сустрэчы, арганізаванай міжнароднай дабрачыннай асацыяцыяй Fratello з нагоды V Сусветнага дня бедных.

Папа нагадаў, што ў свеце ёсць мноства людзей, які “перажываюць вельмі цяжкія, балючыя і часам нязносныя сітуацыі”. “Многія з вас пакутуюць у турмах, у трушчобах, на бальнічных ложках, у бедных кварталах, пакінутыя, ізаляваныя, а часам таксама на войнах, якіх вы не хацелі, але якія былі навязаны вам. Некаторыя з вас больш не маюць нічога, не ведаюць, што будуць есці сёння вечарам і дзе будуць спаць”, - сказаў ён, выказваючы блізкасць бедным ва ўсім свеце і запэўніваючы ў блізкасці Бога да іх.

“Магчыма, што слова “бедны” можа шакаваць некаторых людзей. Але, бачачы вас, я хачу гучна абвяшчаць усяму свету, што Касцёл мае Добрую навіну: Езус патрабуе вас, каб збавіць свет, Ён прыйшоў дзеля нас, бедных, хворых, параненых жыццём, засмучаных, каб напоўніць нас сваёй любоўю”, - запэўніў Святы Айцец.

“Вы з’яўляецеся святыняй Бога, вы – скарб Касцёла. Ваша месца не пры касцёльных брамах, а ў сэрцы Касцёла. Ведайце, што вы – умілаваныя Бога. Паміж вамі ёсць шмат схаваных святых”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заклікаў бедных усё больш любіць Езуса, ушаноўваць Таго, які стаў малым у Эўхарыстыі і маліцца да Яго, пакідаючы для Яго першае месца ў сэрцах і становячыся сведкамі Яго любові ў свеце. “Дарагія браты і сёстры, я кожны дзень малюся за вас і ведайце, што разлічваю на вашу малітву”, - прызнаўся Святы Айцец.

14 лістапада 2021, 16:12