Папа да Патрыярха: няхай Бог дапаможа нам прыняць дар адзінства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Я раблю гэта не толькі ў сувязі з нашым братэрскім сяброўствам, але і з прычыны старажытнай і глыбокай сувязі веры і міласэрнасці паміж Рымскай і Канстантынопальскай Цэрквамі”, - прызнаўся Пантыфік.
Папа накіраваў на Фанар сваю дэлегацыю “для перадачы добрых пажаданняў радасці і міру” усім, хто сабраўся на Боскай літургіі ў патрыяршым храме св. Георгія.
Пантыфік не хавае радасці, што падчас нядаўняга візіту Барталамея І ў Рым была магчымасць “не толькі падзяліцца заклапочанасцю адносна сучаснасці і будучыні свету, але і выказаць агульную прыхільнасць да вырашэння праблем, якія маюць галоўнае значэнне для ўсёй чалавечай сям'і”. Тут ён згадаў: клопат аб стварэнні, выхаванне будучых пакаленняў, дыялог паміж рознымі рэлігійнымі традыцыямі і імкненне да міру.
Францішак перакананы, што такім чынам умацоўваецца глыбокая сувязь, якая ўжо склалася паміж Цэрквамі, “паколькі агульная адказнасць у кантэксце цяперашніх выклікаў выцякае з агульнай веры ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі; у адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, Які стаў чалавекам дзеля нашага збаўлення, памёр і ўваскрос з мёртвых; і ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, Які ўзгадняе адрозненні, не адмяняючы іх”.
Папа прапанаваў, застаючыся аб’яднанымі верай, імкнуцца з рашучасцю да рэалізацыі супольнасці, прызнаючы, што ў цэнтры пастаяннага дыялогу застаюцца тэалагічныя і эклезіялагічныя пытанні. “Спадзяюся, што католікі і праваслаўныя змогуць усё больш актыўна працаваць разам у тых сферах, у якіх гэта не толькі магчыма, але і сапраўды неабходна”, - напісаў ён.
“Умілаваны брат у Хрысце, на шляху да поўнай еднасці паміж нашымі Цэрквамі нас падтрымлівае заступніцтва святых братоў Пятра і Андрэя, нашых святых апекуноў. Поўная еднасць, якой мы прагнем, з’яўляецца, вядома, дарам ад Бога праз ласку Духа Святога. Няхай наш Пан дапаможа нам быць гатовымі прыняць гэты дар праз малітву, глыбокае навяртанне і адкрытасць на пошук і прапанову прабачэння”, - звярнуўся да Барталамея І Францішак.