Пошук

Папа падчас візіту ў Асізі Папа падчас візіту ў Асізі 

Ватыкан: ініцыятывы з нагоды Сусветнага дня бедных

З нагоды V Сусветнага дня бедных, які сёлета будзе адзначацца 14 лістапада, Папа наведае Асізі, узначаліць св. Імшу ў Ватыкане, а таксама будзе арганізавана дапамога людзям, якія змагаюцца з беднасцю.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

12 лістапада 2021 г. Пантыфік здзейніць візіт на радзіму Асізскага Бедняка. Ля касцёла Маці Божай Анёльскай, яго прывітаюць прадстаўнікі мясцовых уладаў, асізскай каталіцкай супольнасці і група бедных. Папу будуць уручаны сімвалічныя дары – плашч і посах пілігрыма, на знак таго, што ўсе прыбылі на радзіму св. Францішка як паломнікі, з жаданнем выслухаць яго слова.

У базыліцы Святога Айца будуць чакаць каля 500 беднякоў з розных краін Еўропы. Спачатку ён памоліцца ў капліцы Парцыюнкулі, выслухае сведчанні бедных з Францыі, Польшчы, Іспаніі і Італіі, а потым звернецца да прысутных. Пасля кароткага перапынку, Папа правядзе малітву, а на заканчэнне сустрэчы бедным будуць уручаны спецыяльныя падарункі: заплечнікі з адзеннем, зробленым з павагай да навакольнага асяроддзя італьянскай фірмай Tombolini. Пасля гэтага Францішак на верталёце адправіцца ў Ватыкан, а ўдзельнікі падзеі прымуць удзел у святочным абедзе, арганізаваным Біскупам Асізі Даменіка Сарэнціна.

14 лістапада Пантыфік узначаліць св. Імшу ў базыліцы св. Пятра, у якой прымуць удзел каля 2 тыс. беднякоў у суправаджэнні валанцёраў дабрачынных арганізацый. Пасля літургіі для іх будзе арганізаваны святочны абед.

У рамках V Сусветнага дня бедных на тэрыторыі Рымскай дыяцэзіі пройдзе шэраг дабрачынных акцый: каля 40 прытулкаў сямейнага тыпу будуць забяспечаны прадуктамі харчавання; бедныя змогуць прайсці дыягностыку на гепатыт С і вірус імунадэфіцыту чалавека ў спецыяльным мабільным медпункце, якія будзе ўстаноўлены на плошчы св. Пятра; дзякуючы шчырай падтрымцы страхавой кампаніі UnipolSai каля 500 бедным сем’ям будзе аказана дапамога ў аплаце квітанцый за газ і электрычнасць.

Сусветны дзень бедных адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ХХХІІІ Звычайную нядзелю. Ён быў устаноўлены Францішкам у 2016 г. на заканчэнне Юбілею Міласэрнасці. Сёлета ініцыятыва пройдзе пад дэвізам: “Убогіх заўсёды маеце пры сабе" (Мк 14,7)”
 

09 лістапада 2021, 11:39