Пошук

Папа падчас св. Імшы за памерлых кардыналаў і біскупаў Папа падчас св. Імшы за памерлых кардыналаў і біскупаў 

Святы Айцец: навучыцца мастацтву чакання Пана

Глядзець на няшчасці іншымі вачыма і чакаць збаўлення Пана без нараканняў, бо тое, што зараз “здаецца пакараннем, акажацца ласкай, новай праявай любові Бога да нас”, - заклікаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

4 лістапада 2021 г. у ватыканскай базыліцы Францішак узначаліў св. Імшу за памерлых на працягу мінулага года кардыналаў і біскупаў. У гаміліі ён спаслаўся на словы з першага літургічнага чытання: “Добра ёсць моўчкі чакаць збаўлення ад Пана” (Пл 3, 26). 

“Дарагія браты і сёстры, як важна навучыцца мастацтву чакання Пана”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы, што сустрэчы з Богам папярэднічаюць часовыя выпрабаванні, крыж, які маем зараз. Перад абліччам жыццёвых цяжкасцей і праблем складана заставацца цярплівымі і спакойнымі, не паддавацца адчаю, спакусе песімізму і роспачы. Гэта такі стан, калі не могуць суцешыць нават добрыя ўспаміны, а жыццё здаецца бясконцым ланцугам няшчасцяў, - сказаў Пантыфік.

Менавіта ў такія моманты, калі, нягледзячы на прабыванне ў дыялогу з Панам, здаецца, што дакранаемся дна, Бог набліжаецца да нас, каб збавіць. “І калі горыч дасягае вяршыні, раптоўна расцвітае надзея”, - запэўніў Святы Айцец, адзначаючы, што Бог ператварае пакуты ў “браму, праз якую ўваходзіць надзея”. “Гэта пасхальны досвед, балючы пераход, які адкрывае на жыццё”, - дадаў ён.

Гэты пераварот адбываецца не таму, што знікаюць праблемы, але таму што “крызіс становіцца таямнічай нагодай для ўнутранага ачышчэння”. Дабрабыт часта робіць сляпымі, павярхоўнымі, пыхлівымі, а выпрабаванні, калі перажываюцца з верай, нягледзячы на цяжкасці і слёзы дапамагаюць нам перарадзіцца і стаць іншымі ў параўнанні з мінулым, - патлумачыў Францішак.

“Выпрабаванні абнаўляюць, бо дапамагаюць скінуць з сябе шмат непатрэбнага і вучаць глядзець далей, далей за цемру, вучаць адчуваць тое, што Пан па-сапраўднаму збаўляе і мае сілу змяніць усё, нават смерць. Ён дазваляе нам прайсці праз вузкія месцы не для таго, каб пакінуць нас, але каб суправаджаць нас, таму што Бог суправаджае асабліва ў пакутах, як бацька, што дапамагае ўзрастаць сыну, прабываючы побач з ім у цяжкія моманты, не замяняючы яго”, - дадаў Папа.

Францішак заклікаў прасіць Бога аб здольнасці глядзець на няшчасці іншымі вачыма і чакаць збаўлення Пана без нараканняў, бо тое, што зараз “здаецца пакараннем, акажацца ласкай, новай праявай любові Бога да нас”.

“Здольнасць моўчкі чакаць збаўлення Пана – гэта мастацтва. Будзем развіваць яго. Яно каштоўнае ў час, які перажываем: цяпер як ніколі не трэба крычаць і ствараць шум, але трэба, каб кожны даваў жыццём сведчанне веры, якая з’яўляецца паслухмяным і поўным надзеі чаканнем. Хрысціянін не памяншае цяжару пакут, а ўзносіць позірк да Пана і пад ударамі выпрабаванняў давярае Яму і моліцца за тых, хто пакутуе. Ён углядаецца ў Неба, але яго рукі заўсёды скіраваны да зямлі, каб канкрэтным чынам служыць бліжняму”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы да малітвы за памерлых на працягу мінулага года кардыналаў і біскупаў.
 

04 лістапада 2021, 11:47