Пошук

Падчас аўдыенцыі для членаў Шведскай акадэміі Падчас аўдыенцыі для членаў Шведскай акадэміі 

Папа заклікаў шведскіх акадэмікаў падтрымаць грамадскі дыялог

19 лістапада 2021 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Шведскай акадэміі, заснаванай каралём Густавам III у 1786 г. З 1901 г. яна прысуджае Нобелеўскую прэмію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Трэба ўсвядоміць наяўнасць рэальнасці, “якая пагражае кожнаму з нас як асобам, аслабляючы здольнасць мець зносіны, што збядняе грамадства і свет”, - адзначыў Папа, пачынаючы сваё выступленне перад акадэмікамі. Ён спаслаўся на “працяглы пандэмічны крызіс” і адзначыў, што абмежаванне кантактаў паміж людзьмі можа паспрыяць распаўсюджванню “культуры абыякавасці”.

Пазбегнуць гэтага, на думку Пантыфіка, дапаможа “штодзённая практыка сустрэч і дыялогу: стыль жыцця не напаказ, імкненне дапамагчы чалавечай супольнасці рухацца наперад, расці ў грамадскім сяброўстве”.

Святы Айцец перакананы, што “грамадскі дыялог – гэта галоўны шлях да новай культуры”. “Паўсюднае развіццё сацыяльных сетак рызыкуе замяніць дыялог мноствам маналогаў, часта ў агрэсіўным тоне. У сваю чаргу грамадскі дыялог прадугледжвае ўменне паважаць пункт гледжання іншага, шчыра і без прытворства”, - заўважыў ён.

“Дыялог не з'яўляецца сінонімам рэлятывізму, наадварот, грамадства тым больш высакароднае, чым больш яно культывуе пошук праўды і караніцца ў фундаментальных ісцінах; асабліва калі яно прызнае, што кожны чалавек валодае неад'емнай годнасцю. Гэты прынцып могуць падзяляць як вернікі, так і няверуючыя”, - дадаў Пантыфік, цытуючы сваю энцыкліку Fratelli tutti.

Завяршаючы сустрэчу, Францішак пажадаў шведскім акадэмікам і іх краіне Божага благаслаўлення.
 

19 лістапада 2021, 13:37