Святы Айцец здзейніць падарожжа на Кіпр і ў Грэцыю
Аляксандр Панчанка – Vatican News
З 2 па 4 снежня 2021 г. Папа здзейсніць падарожжа на Кіпр, дзе наведае горад Нікасія, а 4 па 6 снежня – у Грэцыю, дзе наведае Афіны і востраў Лесбас. Візіт адбудзецца па запрашэнні дзяржаўных уладаў і духавенства краін, а яго праграма будзе абнародавана пазней, - паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.
Пілігрымка на Кіпр і Грэцыю стане 35-м Апостальскім падарожжам Францішка. Ён ужо наведваў грэчаскі востраў Лесбас у 2016 г. у кантэксце міграцыйнага крызісу разам з Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І і прадстаяцелем Грэчаскай Праваслаўнай Царквы, архіепіскапам Афінскім Еранімам ІІ.
У 2001 г. Грэцыю наведваў св. Ян Павел ІІ, а Бэнэдыкт XVI быў першым Папам, які адправіўся на Кіпр. Гэта адбылося ў 2010 г.
Дэвізам візіту Святога Айца на Кіпр стануць словы “Суцешым адзін аднаго ў веры”. Яны натхнёныя постаццю нябеснага апекуна вострава св. Барнабы, імя якога азначае “Сын суцяшэння”. На лагатыпе падарожжа, выкананым у колерах ватыканскага і кіпрскага дзяржаўных сцягоў, змешчаны контуры вострава, выявы Францішка і св. Барнабы, а таксама аліўкавая галінка і колас пшаніцы, як сімвалы міра і адзінства.
Візіт у Грэцыю пройдзе пад дэвізам “Яшчэ больш адкрыемся на нечаканасці Бога”. Гэтыя словы былі ўзяты з паслання Папы на 36-ы Сусветны дзень моладзі. Лагатып у колерах ватыканскага і грэчаскага сцягоў уяўляе сабой стылізаваную ў выглядзе мітры выяву чоўна – сімвала Касцёла – на неспакойных марскіх хвалях, мачтай якога з’яўляецца крыж, а парусы якога надзьмуты Святым Духам.