Францішак прыняў пажаданні з 85-годдзем
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Раніцай Святы Айцец прыйшоў у Залу Паўла VI, каб паслухаць адвэнтавыя разважанні Прапаведніка Папскага дома, кардынала Раньера Канталамесы. Да яго падышлі тры чалавекі, якія знаходзяцца пад апекай Апостальскай элемазінарыі, яны выказалі свае пажаданні і ўручылі яму кветкі. Затым Пантыфіка павіншаваў дэкан Калегіі кардыналаў, кардынал Джавані Батыста Рэ. Пасля ўступнай малітвы ўсе сабраныя ў залі папскія супрацоўнікі апладзіравалі яму.
Францішак аднойчы сказаў, што ў кожны Дзень нараджэння яго думкі “ляцяць” да дарагіх бацькоў – Рэхіны Марыі і Марыа Хасэ, бабулі Розы, братоў і сясцёр – Оскара, Марты і Альберта, якія ўжо памерлі. У Буэнас-Айрэсе жыве 74-гадовая сястра Пантыфіка Марыя Элена.
Цяперашні Папа нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў сталіцы Аргентыны як адзін з пяці дзяцей у сям'і італьянскага імігранта-чыгуначніка. Сам ён па свецкай спецыяльнасці тэхнік-хімік.
Аргентынец стаў першым Пантыфікам, які ўзяў імя Францішак, а таксама першым езуітам на кафедры святога Пятра і першым папам-манахам за больш чым паўтара стагоддзя.