Францішак да грэчаскай моладзі: сумневы – вітаміны веры
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік выслухаў некалькіх сведчанняў маладых людзей, а потым даў ім парады адносна шчаслівага і плённага перажывання маладосці ў блізкасці з Богам. Каментуючы гісторыю дзяўчыны, якая распавяла пра сумневы адносна веры, якія часта ўзнікаюць у моладзі, Францішак заўважыў, што іх не трэба баяцца: сумневы з’яўляюцца “вітамінамі веры”, дапамагаюць зрабіць яе больш моцнай і сталай, выйсці ў шлях і штодзённа крочыць па жыцці разам з Хрыстом, ведучы дыялог з Богам, сумленнем і іншымі.
Папа параўнаў веру з гісторыяй любові паміж двума асобамі: таксама і тут бываюць моманты, калі ўзнікаюць пытанні, пошук адказаў на якія ўзвышае якасць стасункаў. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат не абвінавачваць сябе і не замыкацца ў сумневах, а заўсёды вяртацца да вытокаў: да здзіўлення таямніцай жыцця і прыгажосцю стварэння, а таксама памятаць, што мы – умілаваныя Божыя дзеці.
Святы Айцец параіў ніколі не стамляцца прасіць прабачэння ў Бога ў моманты расчаравання сабой – здзівіцца прабачэннем. У прабачэнні можна нанава адшукаць аблічча Нябеснага Айца і супакой у сэрцы. “Не дазволім, каб лянота, страх ці сорам скралі ў нас скарб прабачэння. Дазволім Богу здзівіць нас!”, - заклікаў ён падкрэсліваючы, што сустрэча з Божым прабачэннем дапамагае знайсці саміх сябе і ўбачыць сваю непаўторную прыгажосць.
Пантыфік нагадаў словы, напісаныя на Дэльфійскім храме: “Пазнай самаго сябе”. Трэба пазнаваць сябе такімі, якімі з’яўляемся, а не якімі хочам здавацца. Трэба асэнсаваць, што кожны з нас унікальны, і ў гэтым заключаецца наша каштоўнасць, - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец заклікаў юнакоў і дзяўчат па прыкладзе Адысея супрацьстаяць сучасным “сірэнам”, якія прапануюць лёгкі прыбытак, забавы любым коштам і іншыя спакусы. У такой сітуацыі важна захоўваць здзіўленне верай – мець здольнасць бачыць прыгажосць веры, бо “мы з’яўляемся хрысціянамі не таму, што павінны быць імі, але таму, што наша вера – цудоўная”.
Каб захаваць гэту прыгажосць, трэба казаць “не” ўсяму, што можа азмрочыць яе. Радасць Евангелля, здзіўленне Езусам дапамагаюць нам пераносіць цяжкасці, - сказаў Папа, заклікаючы моладзь зрабіць здзіўленне пачаткам успрымання ўсяго: стварэння, сяброўства, прабачэння, якім адорвае Бог, а таксама абліччаў іншых людзей.
Святы Айцец заўважыў таксама, што для таго, каб пазнаць Езуса, не дастаткова пропаведзей, але патрэбны адносіны з канкрэтнымі людзьмі: у дыялогу з іншымі і служэнні ім, мы атрымліваем радасць. У сувязі з гэтым ён заклікаў моладзь не станавіцца “нявольнікамі смартфонаў”, а перанесці камунікацыю з віртуальнага свету ў рэальны.
“Экран з лёгкасцю ператвараецца ў люстэрка, дзе вам здаецца, што знаходзіцеся перад усімі светам, але насамрэч вы – адны, у віртуальным свеце, поўным ілюзій, фотаздымкаў, зробленых для таго, каб заўсёды выглядаць добра. Зусім іншая справа – камунікаваць з іншымі ў рэальнасці, адкрываць для сябе навізну іншага! Камунікуйце з іншымі, развівайце містыку адзінства, радасць адносін, імкненне служыць!”, - сказаў Пантыфік.
Напрыканцы сустрэчы Папа даў юнакам і дзяўчатам параду, якая дапаможа рабіць правільны выбар: добрыя рашэнні заўсёды тычацца іншых, а не толькі сябе. “Гэта выбар, дзеля якога варта рызыкнуць, гэта мары, якія варта ажыццявіць: яны патрабуюць мужнасці і ўключаюць іншых людзей”, - падкрэсліў Святы Айцец.