Пантыфік да католікаў Кіпра: нясіце свету святло, якое атрымалі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У гаміліі Пантыфік пракаментаваў евангельскую гісторыю пра аздараўленне Езусам двух сляпых. Францішак звярнуў увагу на тры аспекты гэтага апавядання, якія, на яго думку, “могуць дапамагчы на шляху Адвэнту прыняць Пана, што прыходзіць”.
У першую чаргу Святы Айцец заклікаў пайсці да Езуса, каб аздаравіцца. Трэба наследаваць прыклад двух евангельскіх святых, якія не бачылі Хрыста, але чулі Яго голас і ішлі за Ім, адчуваючы, што Ён – “святло, якое асвятле ноч у сэрцах і свеце, якое праганяе цемру і перамагае ўсякую слепату”, - сказаў Папа, нагадваючы, што толькі Езус можа аздаравіць ад слепаты і зла, якія носім у сэрцах.
Другая парада Францішка – насіць раны разам. Ён заўважыў, што сляпыя з Евангелля трымаліся блізка адзін да аднаго, разам ішлі за Езусам, разам крычалі, просячы аб аздараўленні, не думалі толькі пра сябе. “Вось красамоўны знак хрысціянскага жыцця, вось адметная рыса касцёльнага духа: думаць, казаць, дзейнічаць як “мы”, перамагаючы індывідуалізм і імкненне да самадастатковасці, якое робіць сэрца хворым”, - дадаў ён.
Папа заўважыў, што бачыць у Богу Айца, а ў іншых людзях – братоў, перашкаджае грэх, які скажае рэчаіснасць, прымушаючы бачыць у Богу гаспадара, а ў іншых людзях – праблему. Пантыфік нагадаў, што праз грэх д’ябал прыводзіць чалавека да адчування самотнасці і горычы, а таксама заклікаў змагацца з цемрай разам, падтрымліваючы адзін аднаго і ўмацоўваючы дух братэрства.
“Аздараўленне прыходзіць, калі носім раны разам, калі супольна вырашаем праблемы, калі слухаем адзін аднаго і размаўляем. Гаворка ідзе пра ласку жыцця ў супольнасці, разумення каштоўнасці быцця супольнасцю. Я прашу аб ёй для вас, каб вы заўсёды маглі быць разам, заўсёды з’яднаныя, каб маглі крочыць супольна і ў радасці, як браты-хрысціяне, як дзеці адзінага Айца. І прашу аб гэтым таксама для сябе”, - сказаў кіпрскім католікам Францішак.
Святы Айцец нагадаў, што пасля аздараўлення евангельскія сляпыя пачалі абвяшчаць усім тое, што з імі здарылася, будучы няздольнымі стрымліваць свой энтузіязм. Папа заклікаў наследаваць іх прыклад і абвяшчаць Евангелле з радасцю, без празелітызму, праз сведчанне і ўчынкі міласэрнасці.
“Заахвочваю вас ісці такім шляхам: як два сляпыя з Евангелля, абновім сустрэчу з Езусам і без страху выйдзем да іншых, каб сведчыць пра Яго тым, каго сустрэнем. Выйдзем, каб несці святло, якое атрымалі, выйдзем, каб асвяціць ноч, якая часта нас акружае! Патрэбны асветленыя хрысціяне, а ў першую чаргу у светлыя хрысціяне, якія з ласкавасцю будуць дакранацца да слепаты братоў; якія праз суцяшальныя жэсты і словы запаляць святло надзеі ў змроку; якія пасеяць зерні Евангелля на засохлай глебе штодзённасці, якія прынясуць ласкавасць у самотнасць пакут і беднасці”, - падкрэсліў Францішак.