Пошук

Папа Францішак падчас візіту на Лесбас Папа Францішак падчас візіту на Лесбас 

Францішак на Лесбасе: спынім крушэнне цывілізацыі

Ставіць рэальнасць людзей вышэй за ідэі і ідэалогіі, і рабіць хуткія крокі насустрач тым, хто пакутуе, - заклікаў Папа падчас сустрэчы з мігрантамі і бежанцамі на Лесбасе.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец прыбыў на грэчаскі востраў раніцай 5 снежня 2021 г. Па прылёце з Афін ён адправіўся ў Цэнтр прыёму і ідэнтыфікацыі мігрантаў у горадзе Мітылена, у якім знаходзяцца тысячы выхадцаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі. Пад'язджаючы да пункта часовага размяшчэнне мігрантаў Папа выйшаў з аўтамабіля і прайшоў каля паўкіламетра пешшу, каб асабіста прывітаць людзей, якія чакалі яго.

Звяртаючыся да прысутных на сустрэчы, Папа заўважыў, што ў той час як у свеце паволі праводзіцца ўсеагульная вакцынацыя і вядзецца барацьба з кліматычнымі зменамі, вырашэнне праблемы міграцыі здаецца стаіць на месцы. Аднак, “на кон пастаўлены чалавечыя жыцці” і “мірная будучыня”, якая залежыць ад таго, ці будуць інтэграваны мігранты ў грамадства, - папярэдзіў Францішак.

“Толькі калі адбудзецца прымірэнне з самымі слабымі, тады будучыня стане квітнеючай, бо калі бедныя адкідаюцца, адкідаецца мір. Закрытасць і нацыяналізм – нас вучыць гісторыя – прыводзяць да катастрафічных наступстваў (...) Гэта ілюзія – думаць, што магчыма захаваць сябе, баронячыся ад слабых, якія стучаць у дзверы”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што з часу яго папярэдняга візіту на Лесбас, пяць гадоў таму, змянілася няшмат: многія мігранты працягваюць жыць ва ўмовах, нягодных чалавека, а ў якасці рашэння крызісу, прапануецца будаванне муроў. На думку Святога Айца, праблему трэба вырашаць не ўзвядзеннем бар’ераў, а “яднаючы сілы ў клопаце пра іншых, згодна з рэальнымі магчымасцямі кожнага, з павагай да законнасці і заўсёды ставячы на першае месца жыццё кожнага чалавека”. У гэтым кантэксце ён прыгадаў словы лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 1986 г. Элі Візеля: “Калі чалавечае жыццё падвяргаецца небяспецы, а чалавечая годнасць знаходзіцца пад пагрозай, нацыянальныя межы і нюансы перастаюць быць важнымі”.

Папа заўважыў, што “ў розных грамадствах бяспека і салідарнасць, мясцовае і агульначалавечае, традыцыі і адкрытасць ідэалагічна супрацьпастаўляюцца”. Важна, аднак, “не бараніць ідэі, а пачаць з рэальнасці: спыніцца, пашырыць погляд, заглыбіць яго ў праблемы большасці чалавецтва, шматлікіх груп насельніцтва, што пацярпелі ад надзвычайных гуманітарных сітуацый, якія не стварылі, а толькі сталі іх ахвярамі, часта пасля гісторый эксплуатацыі, якія дагэтуль працягваюцца”.

“Лёгка перацягнуць на свой бок грамадскую думку, нагнятаючы страх перад іншым. Чаму, замест гэтага, мы не кажам з такім самым запалам пра эксплуатацыю бедных, пра забытыя і часта шчодра фінансаваныя войны, пра эканамічныя пагадненні, заключаныя за кошт людзей, пра схаваныя манеўры па кантрабандзе зброі і пашырэнні гандлю ёй?”, - спытаў Пантыфік.

Папа заклікаў “змагацца з першапрычынамі, а не з людзьмі, якія расплачваюцца за іх наступствы, і нават выкарыстоўваюцца ў палітычнай прапагандзе”. Для гэтага патрэбны ўзгодненыя дзеянні. “Да эпахальных змен трэба падыходзіць з шырокім бачаннем, бо няма простых адказаў на складаныя праблемы. Неабходна суправаджаць працэсы знутры, каб пераадолець гетызацыю і спрыяць павольнай і неад’емнай інтэграцыі, каб па-братэрску і з адказнасцю прымаць культуры і традыцыі іншых”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў паглядзець у твары дзяцей-мігрантаў, адчуць сорам перад імі, нявіннымі, якім належыць будучыня. “Яны ўсклікаюць да нашага сумлення: “Які свет вы пакінеце нам?”. Давайце не будзем паспешліва адводзіць позірк ад страшных фотаздымкаў іх маленькіх цел, якія нерухома ляжаць на пляжах. Міжземнае мора, якое на працягу тысячагоддзяў злучала розныя народы і далёкія землі, ператвараецца ў халодныя могілкі без надмагільных плітаў. Гэты вялікі басейн, калыска шматлікіх цывілізацый, сёння здаецца люстэркам смерці. Не дазволім, каб mare nostrum ператварылася ў запусцелае mare mortuum, каб гэта месца сустрэчы стала арэнай сутыкненняў! Не дазволім, каб гэта “мора ўспамінаў” ператварылася ў “мора забыцця”. Прашу вас, давайце спынім гэта крушэнне цывілізацыі!”, - заклікаў Папа.

Францішак нагадаў, што Бог любіць усіх сваіх дзяцей, хоча, каб усе былі братамі, просіць аб спагадзе і міласэрнасці, заклікае да гасціннасці, да той filoxenia, якая пранізвала класічную культуру, знайшоўшы потым у Езусе сваё канчатковае праяўленне, асабліва ў прыпавесці пра Добрага самараніна і 25-м радзеле Евангелля св. Мацвея.

“Гэта не рэлігійная ідэалогія, гэта канкрэтныя хрысціянскія карані. Езус урачыста сцвярджае, што прысутнічае ў чужынцы, у бежанцы, у тым, хто голы і галодны, а хрысціянская праграма – быць там, дзе Езус. Так, хрысціянскае праграма, пісаў папа Бэнэдыкт, “гэта сэрца, якое бачыць”, - нагадаў Пантыфік.

“Зараз памолімся, каб Багародзіца адкрыла нам вочы на пакуты братоў. Яна паспяшыла да сваёй сваячкі Альжбеты, якая была цяжарная. Колькі цяжарных маці знайшлі смерць, спяшаючыся на шляху, у той час, як насілі ва ўлонні жыццё! Няхай Багародзіцца дапаможа нам мець мацярынскі позірк, які бачыць у людзях Божых дзяцей, сясцёр і братоў, якіх трэба прыняць, абараніць, падтрымаць і інтэграваць, а таксама пяшчотна любіць. Няхай Усясвятая навучыць нас ставіць рэальнасць людзей вышэй за ідэі і ідэалогіі, а таксама рабіць хуткія крокі насустрач тым, хто пакутуе”, - сказаў на завяршэнне прамовы Францішак.

05 снежня 2021, 12:15