Пошук

Папа падчас сустрэчы з Сінодам Кіпрскай Праваслаўнай Царквы Папа падчас сустрэчы з Сінодам Кіпрскай Праваслаўнай Царквы 

Францішак сустрэўся з Сінодам Кіпрскай Праваслаўнай Царквы

Другі дзень пілігрымкі на Кіпр Святы Айцец распачаў з візіту ветлівасці да Архіепіскапа Кіпрскага Хрызастома ІІ і сустрэчы з Сінодам Кіпрскай Праваслаўнай Царквы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Размова Папы з прадстаяцелем Праваслаўнай Царквы на Кіпры праходзіла за закрытымі дзвярыма ў рэзідэнцыі іерарха ў Нікасіі. На яе заканчэнне Францішак пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей архіепіскапскага палацу.

“Як пілігрым на Кіпры, жамчужыне гісторыі і веры, прашу Бога аб пакоры і адвазе, каб разам ісці да поўнай еднасці і дарыць свету, па прыкладзе апосталаў, братэрскае пасланне суцяшэння і жывое сведчанне надзеі”, - напісаў Пантыфік.

Затым Святы Айцец накіраваўся ў сталічную праваслаўную катэдру, дзе сустрэўся з членамі Сінода. Ён нагадаў, што хрысціянскія супольнасці Кіпра і Рыма маюць “агульнай апостальскае паходжанне”, звязанае з місіянерскай дзейнасцю апостала Паўла, і злучаны “шляхам Евангелля”.

Святы Айцец адзначыў неабходнасць абвяшчэння Евангелля з усведамленнем таго, што прапаведванне “не можа грунтавацца выключна на агульных закліках, на паўтарэнні прадпісанняў і на нормах, якіх трэба прытрымлівацца, як часта рабілася”: яно павінна “адбывацца шляхам асабістай сустрэчы, увагі да пытанняў людзей, да іх фундаментальных патрэб”.

На думку Францішка, каб стаць “сынамі суцяшэння”, па прыкладзе апостала Барнабы, апекуна Кіпра, перш чым казаць нешта, трэба слухаць, пазнаваць іншых, дзяліцца і ўмацоўваць адзінства. Менавіта гэтай мэце служыць сінадальны працэс у Касцёле, у якім праваслаўны досвед можа быць вельмі карысны, - лічыць ён.

Папа пажадаў, каб магчымасці для сустрэчы паміж католікамі і праваслаўнымі, для лепшага ўзаемнага знаёмства, для пераадолення шматлікіх забабонаў і для паслухмянага слухання адпаведных досведаў веры, станавіліся больш частымі, што прынясе для абодвух бакоў “духоўны плён суцяшэння”.

Пантыфік нагадаў, што Барнаба, будучы “левітам, родам з Кіпра, прадаў зямлю, якую меў, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў”. “Гэты велічны жэст падказвае, што для таго, каб ажывіць адзінства і місію, таксама і ад нас патрабуецца адвага адмаўлення ад таго, што хоць і каштоўнае, але з’яўляецца зямным, каб спрыяць паўнаце еднасці. Вядома, я не маю на ўвазе тое, што святое, і што дапамагае сустрэць Пана, але рызыку абсалютызаваць пэўныя традыцыі і звычаі, не сутнасна важныя для жыцця верай”, - сказаў Папа.

“Не дазволім паралізаваць нас страху перад адкрытасцю і чыненнем адважных жэстаў, не будзем носьбітамі той “непрымірымасці рознагалоссяў”, якой няма ў Евангеллі. Не дазволім, каб традыцыі, у множным ліку і з малой літары “т”, пераважалі над Традыцыяй, у адзіночным ліку і з вялікай літары “Т”. Яна заклікае нас наследаваць Барнабу, пакідаючы тое, што нават будучы добрым, можа перашкаджаць паўнаце камуніі, першынству любові і патрэбе адзінства”, - дадаў ён.

“Барнаба, пакладаючы ўсё, што меў, да ног апосталаў, увайшоў у іх сэрца. Таксама і мы былі пакліканы Панам убачыць, што з’яўляемся часткай аднаго Цела, схіліцца да ног братоў”, - сказаў Папа, заклікаючы не знеахвочвацца падзеламі мінулага, а разам працаваць на жніве Божага Валадарства з цярплівасцю, руплівасцю і канкрэтнасцю.

“Бо, калі мы адставім у бок абстрактныя тэорыі і будзем працаваць плячо да пляча, напрыклад у сферы дабрачыннасці, адукацыі, прасоўвання чалавечай годнасці, тады ўбачым, што з’яўляемся братамі, і адзінства будзе сталець само па сабе, на хвалу Бога. Кожны захавае свой лад і свой стыль, але з часам сумесная праца перарасце ў згоду і прынясе плён. Як гэтыя міжземнаморскія землі былі расквітнелі, дзякуючы паважлівай і цярплівай працай чалавека, так, з Божай дапамогай і пакорнай настойлівасцю, мы будзем узрошчваць нашу апостальскую еднасць!”, - запэўніў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што місіянерская дзейнасць і адзінства заўсёды праходзяць праз ахвяры і выпрабаванні.

“Стагоддзі падзелаў і адлегласці прымусілі нас набыць, нават міжволі, нямала варожых забабонаў у адносінах да іншых, прадузятнасцяў, часта заснаваных на скупой і скажонай інфармацыі, папулярызаванай агрэсіўнай і палемічнай літаратурай. Але ўсё гэта скрыўляе Божы шлях, што вядзе да згоды і адзінства. Дарагія браты, святасць Барнабы красамоўная таксама для нас! Як часта на працягу гісторыі хрысціян мы клапаціліся пра тое, каб супрацьстаяць адно аднаму, замест таго, каб паслухмяна прыняць шлях Бога, які жадае злучыць у любові тое, што падзелена! Як часта мы павялічвалі і распаўсюджвалі прадузятасць да іншых, замест таго, каб выканаць настаўленне, якое Пан паўтарыў асаблівым чынам у Евангеллі, напісаным Маркам, які разам з Барнабам знаходзіўся на гэтым востраве: стаць малымі, служыць адно аднаму”, - сказаў Папа. “Папросім у Пана мудрасці і адвагі, каб ісці Яго шляхамі, не нашымі”, - падкрэсліў Францішак, нагадваючы пра вялікае мноства святых, звязаных з гісторыяй Кіпра, якія ўжо сёння з’яўляюцца мостам паміж Усходам і Захадам.
 

03 снежня 2021, 09:18