Пошук

Папа падчас сустрэчы з каталіцкай супольнасцю Кіпра Папа падчас сустрэчы з каталіцкай супольнасцю Кіпра 

Пантыфік на Кіпры: Касцёл павінен быць цярплівым і братэрскім

Быць Касцёлам цярплівым, які распазнае, суправаджае і інтэгруе, а таксама Касцёлам братэрскім, які стварае месца для іншага, дыскутуе, але застаецца адзіным, - заклікаў Папа каталіцкую супольнасць Кіпра.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

2 снежня 2021 г. Францішак сустрэўся ў мараніцкай катэдры ў Нікасіі з кіпрскім духавенствам, кансэкраванымі асобамі, катэхетамі, членамі касцёльных рухаў і асацыяцый. Ён адправіўся сюды адразу кароткай цырымоніі прывітання на Кіпры, якая прайшла ў аэрапорце горада Ларнака.

Пантыфік выказаў радасць з магчымасці “як пілігрым крочыць па шляхах вялікага апостала Барнабы”, бясстрашнага прапаведніка Евангелля, “які, праходзячы між хрысціянскіх супольнасцей, якія толькі нараджаліся, бачыў дзеянне Божай ласкі, узрадаваўся “і заахвочваў усіх, каб шчырым сэрцам трывалі ў Пану” (Дз 11,23)

“Я прыбываю з такім самым жаданнем: бачыць як Божая ласка дзейнічае ў вашым Касцёле і на вашай зямлі, ўзрадавацца разам з вамі тым цудам, якія чыніць Пан, і заахвоціць вас заўсёды трываць, нястомна, не апускаючы рукі ніколі”, - прызнаўся Папа.

Францішак звярнуў увагу на разнастайнасць хрысціянскай супольнасці на Кіпры. Ён прывітаў прадстаўнікоў мараніцкага абраду, выказваючы сваю блізкасць ліванскаму народу і адзначаючы яго ўклад у евангелізацыю вострава, а таксама вызнаўцаў лацінскага абраду, падкрэсліваючы шматэтнічнасць і шматкультурнасць гэтай супольнасці.

На думку Папы, разнастайнасць мясцовага Касцёла адлюстроўвае ролю Кіпра на еўрапейскім кантыненце – вострава, які з’яўляецца месцам сустрэчы і перапляцення культур. Таксама і Каталіцкі Касцёл павінен быць адкрытым для ўсіх, каб кожнага дасягнула “Божая міласэрнасць і заклік да любові”, - сцвердзіў ён.

Францішак заклікаў вернікаў наследаваць прыклад апостала Барнабы, які ў першую чаргу вучыць цярплівасці, неабходнай, каб “даследаваць” іншыя культуры і традыцыі, не спяшацца асуджаць новае, суправаджаць людзей, якія нядаўна сталі хрысціянамі, не знішчаючы іх веру суровымі патрабаваннямі захавання прадпісанняў.

“Дарагія браты і сёстры, нам патрэбны цярплівы Касцёл. Касцёл, які не дазваляе пераменам засмуціць і занепакоіць сябе, але спакойна прымае новае і распазнае сітуацыі ў святле Евангелля”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што каталіцкая супольнасць на Кіпры актыўна прымае новых членаў і інтэгруе іх, а гэта прыклад для Касцёла ва ўсёй Еўропе, пазначанага крызісам веры.

“Не трэба быць імпульсіўнымі і агрэсіўным, тужыць і наракаць, але ісці наперад, чытаючы знакі часу і знакі, якія дае крызіс. Трэба нанава пачаць абвяшчаць Евангелле з цярплівасцю, асабліва новым пакаленням”, - дадаў Святы Айцец, заклікаючы быць адчувальным да розных спосабаў выразу веры і розных культур.

Францішак заўважыў, што Барнаба і Павел як браты падарожнічалі разам, абвяшчаючы Евангелле, нават пасярод пераследу. Гэты прыклад нагадвае пра важнасць братэрства: паміж братамі ўзнікаюць спрэчкі, але галоўнае, каб яны не прыводзілі да падзелаў.

“Дарагія браты і сёстры, нам патрэбны братэрскі Касцёл, які стане прыладай братэрства для свету”, - сказаў Францішак. Звяртаючы ўвагу на існаванне супольнасцей розных хрысціянскіх абрадаў на Кіпры, ён падкрэсліў, што адметнасці не павінны ўспрымацца як пагроза для тоеснасці і падштурхоўваць да зайздрасці і спаборніцтва, бо “мы ўсе – браты, любімыя адзіным Айцом”.

“Вашым братэрствам вы можаце нагадаць усім, усёй Еўропе, што для будавання будучыні, годнай чалавека, трэба працаваць разам, перамагаць падзелы, разбураць муры і жывіць мару адзінства. Нам трэба прымаць і інтэграваць адзін аднаго, ісці разам, быць усім братамі і сёстрамі”, - сказаў кіпрскіх католікам Пантыфік.
 

02 снежня 2021, 17:15