Пошук

Падчас уручэння даверчых грамат Падчас уручэння даверчых грамат 

Папа да новых паслоў: кожны з нас нясе адказнасць за іншых

Святы Айцец заахвоціў міжнародную супольнасць спрыяць культуры сустрэчы, якая служыць агульнаму дабру ўсёй чалавечай сям’і.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак прыняў 17 снежня 2021 года даверчыя граматы ад новых паслоў Малдовы, Кыргызстана, Намібіі, Лесота, Люксембурга, Чада і Гвінеі-Бісаў. Яны выконваюць місію па сумяшчальніцтве, прадстаўляючы сваю Радзіму таксама ў іншых краінах, і не пражываюць у Рыме.

У сваёй прамове Святы Айцец спаслаўся на пандэмію COVID-19 і падкрэсліў неабходнасць супрацоўніцтва на карысць паўсюднага доступу да вакцын. Ён выказаў надзею на ўсведамленне міжнароднай супольнасцю факту, што чалавецтва – гэта адна сям'я.

“Кожны з нас нясе адказнасць за сваіх братоў і сясцёр, без выключэння. Гэта праўда, якая павінна прымусіць нас супрацьстаяць не толькі цяперашняму крызісу ў сферы аховы здароўя, але і ўсім праблемам, якія закранаюць чалавецтва і наш агульны дом – беднасці, міграцыі, тэрарызму, змяненню клімату, і гэта толькі некаторыя з іх – салідарна, а не ў ізаляцыі”, - сказаў Францішак.

Папа падкрэсліў, што цяперашняя сітуацыя павінна стымуляваць чалавецтва да садзейнічання культуры сустрэчы. Гаворка ідзе пра “неабходнасць умацоўваць адносіны і спрыяць узаемаразуменню з людзьмі розных культур і паходжання, каб разам працаваць над пабудовай больш справядлівага свету”. Ён адзначыў, што галоўным інструментам для рэалізацыі гэтай задачы з'яўляецца дыялог.

“Паважаныя паслы, на пачатку вашай новай місіі звяртаюся да вас і запэўніваю вас, што структуры Святога Пасаду гатовыя весці з вамі плённы дыялог для вырашэння пытанняў, якія выклікаюць агульную заклапочанасць, асабліва тых, што тычацца чалавецтва і нашага агульнага дому. Сардэчна вітаю вас, вашыя сем’і, дыпламатычны персанал і супрацоўнікаў, выпрошваючы шчодрае Божае благаслаўленне”, - запэўніў Францішак новых паслоў пры Святым Пасадзе.
 

17 снежня 2021, 12:30