Пошук

Папа падчас сустрэчы з іерархамі Рымскай курыі Папа падчас сустрэчы з іерархамі Рымскай курыі 

Папа да Рымскай курыі: Бог запрашае нас ісці шляхам пакоры

Пра цноту пакоры нагадаў Святы Айцец іерархам Рымскай курыі падчас традыцыйнай сустрэчы з нагоды Божага Нараджэння, якая 23 снежня 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Калі б мы павінны былі выразіць усю таямніцу Божага Нараджэння адным словам, я думаю, што слова “пакора” магло б найбольш дапамагчы нам”, - падкрэсліў Папа, нагадваючы сваім бліжэйшым супрацоўнікам, што Кароль каралёў “увайшоў у свет праз браму пакоры і запрашае нас прайсці праз яе”.

Пантыфік спаслаўся на гісторыю старазапаветнага сірыйскага палкаводца Наамана, які быў вельмі славутым і паважаным, але пад латамі хаваў жудасную драму, з якой быў вымушаны жыць: ён быў хворы на праказу. “Гэту супярэчанасць мы часта знаходзім у нашым жыцці: часам вялікія дары – гэта панцыр, пад якім хаваюцца вялікія немачы”, - дадаў Папа.

Францішак заўважыў, што ў пэўны момант Нааман зразумеў фундаментальную праўду: нельга правесці ўсё жыццё хаваючыся ўнутры даспехаў, пэўнай ролі ці грамадскага прызнання. Кіруючыся жаданнем паўнаты жыцця, ён паслухаў прарока Елісея, скінуў з сябе шаты, акунуўся ў воды Ярдану і аздаравіўся.

“Гісторыя Наамана нагадвае нам, што Божае Нараджэнне – гэта час, калі кожны з нас павінен з адвагай скінуць з сябе уласныя даспехі, шаты ўласнай значнасці, грамадскага прызнання, бляск славы гэтага свету і стаць пакорнымі. Мы можам зрабіць гэта, наследуючы самы моцны, самы пераканаўчы, самы аўтарытэтны прыклад: Божага Сына, які не цураецца пакоры “сысці” ў гісторыю, становячыся чалавекам, становячыся дзіцяткам, уразлівым, загорнутым у пялюшкі і пакладзеным у яслі. Зняўшы нашы шаты, прэрагатывы, ролі, тытулы мы ўсе аказваемся пракажонымі, якія патрабуюць аздараўлення”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў іерархам, што пакора – гэта “здольнасць жыць нашай чалавечнасцю з рэалізмам, радасцю, надзеяй” і “не саромецца ўласнай уразлівасці”. Без пакоры можна адчуваць сябе ў большай бяспецы, але немагчыма знайсці тое, што можа збавіць і аздаравіць нас.

“Калі б Нааман працягваў толькі збіраць медалі, каб вешаць іх на свае даспехі, яго б пажэрла праказа: здаецца ён быў жывым, так, але закрытым і ізаляваным у сваёй хваробе. Ён з адвагай шукаў таго, што магло збавіць яго, а не таго, што прыносіць часовае задавальненне”, - зазначыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што пакора адваротная ганарыстасці, яна дазваляе чалавеку прымаць крытыку і адкрывацца на новае, бо ён адчувае сябе моцным, дзякуючы лучнасці з каранямі, якія дапамагаюць яму “памятаць” і “даваць плён”: памяць пра мінулае і прыносіць плёны ў сучаснасці.

Святы Айцец заўважыў, што без пакоры немагчыма сустрэць Бога, спазнаць досвед збаўлення, а таксама немагчыма сустрэць бліжняга, брата і сястру, якія жывуць побач. Пакора патрэбна таксама ў кантэксце Сінода Біскупаў, бо калі кожны застанецца закрытым ва ўласных перакананнях і досведзе, у скарлупіне сваіх пачуццяў і думак, будзе цяжка стварыць прастору для дзейнасці Святога Духа і зразумець Божую волю.

Папа заўважыў, што сінадальны шлях – гэта таксама спосаб пераадолення клерыкалізма, спакусы думаць, што Бог прамаўляе выключна да некаторых, у той час як іншыя павінны толькі слухаць і выконваць,

“Курыя – гэта не толькі лагістычны і бюракратычны інструмент для патрэб паўсюднага Касцёла, але першы орган пакліканы да сведчання, і таму яна набудзе яшчэ большы аўтарытэт і эфектыўнасць, калі сама прыме выклік сінадальнага навяртання, да якога паклікана. Мы павінны быць арганізаваны не па прынцыпе прадпрыемства, а па прынцыпе Евангелля”, - дадаў ён.

“Таму, калі Божае слова нагадвае ўсяму свету пра каштоўнасць беднасці, мы, члены Курыі, павінны першыя імкнуцца навярнуцца да ўмеркаванасці. Калі Евангелле абвяшчае справядлівасць, мы першыя павінны імкнуцца жыць празрыста, без фаварытызмаў і кланавасці. Калі Касцёл праходзіць шляхам сінадальнасці, мы першыя павінны навярнуцца да іншага стылю працы, супрацоўніцтва, адзінства. І гэта магчыма толькі шляхам пакоры”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што стыль пакоры, да якога трэба імкнуцца ў Рымскай курыі, неабходна рэалізоўваць трыма шляхамі, якім прысвечаны актуальны Сінод: удзел, камунія і місія.

“Дарагія браты і сёстры, памятаючы пра нашу праказу, пазбягаючы свецкай логікі, якая пазбаўляе нас каранёў і парасткаў, дазволім евангелізаваць сябе пакорай Дзіцятка Езуса. Толькі служачы і толькі думаючы пра нашу працу як пра служэнне мы зможам быць па-сапраўднаму карыснымі для ўсіх. Мы знаходзімся тут – і я ў першую чаргу, – каб навучыцца стаяць на каленях і ўшаноўваць Пана ў Яго пакоры, а не іншых гаспадароў у іх пустым багацці. Давайце будзем як пастухі, як мудрацы, як Езус. Вось урок Божага Нараджэння: пакора – гэта важная ўмова веры, духоўнага жыцця, святасці”, - сказаў Папа заклікаючы ватыканскіх іерархаў прасіць Бога аб жаданні жыць у пакоры.

23 снежня 2021, 12:20