Пошук

Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Саюза італьянскіх каталіцкіх юрыстаў Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Саюза італьянскіх каталіцкіх юрыстаў 

Папа да каталіцкіх юрыстаў: абараняйце чалавечую годнасць слабых

Гарантаванне правоў самым слабым і іх абарона – вось што робіць нас людзьмі, - адзначыў Францішак, сустракаючыся 10 снежня 2021 года ў Ватыкане з прадстаўнікамі Саюза італьянскіх каталіцкіх юрыстаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа спаслаўся на тэму 70-га Нацыянальнага даследчага кангрэса, на які ў Рым з’ехаліся спецыялісты ў праве з усёй Італіі: Апошнія. Прававая абарона слабых суб'ектаў. Ён прызнаўся, што дагэтуль у яго сэрцы засталіся перажыванні, звязаныя з нядаўнім Апостальскім падарожжам на Кіпр і ў Грэцыю, дзе сустракаў мігрантаў і ўцекачоў.

Пантыфік папрасіў каталіцкіх правазнаўцаў рабіць усё, каб “найменшыя, безабаронныя, слабыя мелі правы”, паколькі “гэта не мімаходная “мараль”, а ўнутраны імператыў, які вынікае з нашай веры”.

Асабліва на гэтым этапе гісторыі каталіцкія юрысты “закліканы пацвярджаць і абараняць правы самых слабых у рамках эканамічнай і сацыяльнай сістэмы, якая прэтэндуе на ўключэнне разнастайнасці, але на самой справе сістэматычна выключае тых, хто не мае права голасу”, - лічыць Папа. У сённяшняй культуры адчужэння правамі рабочых, мігрантаў, хворых, ненароджаных дзяцей, людзей, якія паміраюць, і самых бедных усё больш і больш грэбуюць.

Прызнанне і гарантыя правоў, абарона самых слабых – вось што робіць нас людзьмі, - заўважыў Францішак. Ён дадаў, што прызнанне правоў найбольш уразлівых – гэта абавязак, а не саступка дзяржавы.

Папа яшчэ раз падкрэсліў, што роля каталіцкага юрыста, дзе б ён ні працаваў, у якасці кансультанта, адваката або суддзі, “заключаецца ў тым, каб спрыяць абароне чалавечай годнасці слабых, пацвярджаючы іх правы”.
 

10 снежня 2021, 12:35