Пошук

Папа падчас св. Імшы ў Афінах Папа падчас св. Імшы ў Афінах 

Пантыфік у Афінах: сведчыць аб надзеі на жыццёвых пустынях

5 снежня 2021 г. Францішак узначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў афінскім Megaron Concert Hall, заклікаючы грэчаскіх вернікаў несці Бога на экзістэнцыяльныя пустыні.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Eвангельскае чытанне на Другую Нядзелю Адвэнта кажа пра св. Яна Хрысціцеля, падкрэсліваючы два аспекты: ён прапаведваў у пустыні і заклікаў да навяртання, - нагадаў у гаміліі Францішак. Пантыфік заўважыў, што апісанню пропаведзі св. Яна на старонках Евангелля св. Лукі папярэднічае ўзгадка пра Тыберыя, Понція Пілата, Ірада – “палітычных лідараў” таго часу, а таксама пра першасвятоў Анну і Каяфу, якія прабывалі ў Ерузалемскай святыні. Аднак, нібыта з іроніяй, гаворыцца, што Божае слова прыходзіць не да іх, а да Яна, “сына Захарыі, у пустыні”.

“Бог здзіўляе, Яго рашэнні здзіўляюць: яны не ўваходзяць у людскія прагнозы, не адпавядаюць уладзе і велічы, з якімі чалавек звычайна іх атаясамлівае. Пан аддае перавагу маласці і пакору. Адкупленне пачалося не ў Ерузалеме, Афінах ці Рыме, а ў пустыні”, - адзначыў Папа.

Францішак заўважыў, што менавіта ў пустыні праявілася хвала Пана, здольнага ператварыць засохлае месца ў водную крыніцу. Бог заўсёды скіроўвае позірк туды, дзе пануе смутак і самотнасць. “Мы можам адчуць гэта ва ўласным жыцці: Ён часта не можа дасягнуць нас, калі прымаем апладзісменты і думаем толькі пра сябе, але робіць гэта пераважна, калі перажываем гадзіну выпрабаванняў. Ён адведвае нас у складаных сітуацыях, у нашай пустаце, дзе ўзнікае месца для Яго, у нашых экзістэнцыяльных пустынях”, - дадаў Пантыфік.

Гаворачы пра другі аспект прапаведвання св. Яна Хрысціцеля – навяртанне – Святы Айцец заўважыў, што як і пустыня, яно не з’яўляецца жаданым для чалавека. “Гаворка пра пакаянне можа выклікаць смутак; нам здаецца цяжка прымірыць яго з Евангеллем радасці”, але так адбываецца, “калі пакаянне зводзіцца да маральнага высілку”, заснаванага на ўласных сілах, а іх ніколі не бывае дастаткова. Трэба даверыцца Богу, паставіць Яго на першае месца, выйсці за межы прывычных ментальных схем, якія ўсё скіроўваюць да нашага “эга”, імкнення да самадастатковасці, да закрыстасці”, - сказаў Папа.

“Усё змяняецца, калі мы даем Яму першае месца. Гэта і ёсць навяртанне: Пану дастаткова нашых адчыненых дзвярэй, каб увайсці і чыніць цуды, як Яму было дастаткова пустыні і слоў Яна, каб прыйсці ў свет”, - запэўніў Францішак.

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец заклікаў прасіць у малітве аб ласцы надзеі, “бо менавіта надзея ажыўляе веру і нанава запальвае любоў, бо менавіта надзеі прагнуць сучасныя пустыні свету”, - сказаў ён, заклікаючы вернікаў прасіць Багародзіцу, каб “дапамагла быць сведкамі надзеі і сейбітамі радасці вакол нас не толькі калі з’яўляемся задаволенымі і прабываем разам, але кожны дзець, у пустынях, у якіх пражываем, бо менавіта там з Божай ласкай наша жыццё паклікана змяніцца і расквітнець”.

05 снежня 2021, 16:54