Папа: не забруджваць Божае Нараджэнне спажывальніцтвам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Давайце не будзем забруджваць Божага Нараджэнння спажывальніцтвам і абыякавасцю”, - заклікаў сваіх гасцей Папа. Ён звярнуў увагу на калядныя сімвалы, якія “вяртаюць нас да ўпэўненасці, што напаўняе сэрца супакоем, да радасці Уцелаўлення, да Бога, Які становіцца родным: Ён жыве з намі, дорыць рытм надзеі ў нашы дні”.
“Каб гэта было сапраўды Божае Нараджэнне, не забывайма: Бог прыходзіць, каб быць з намі і просіць нас клапаціцца пра нашых братоў і сясцёр, асабліва пра самых бедных, самых слабых і ўразлівых, якіх пандэмія яшчэ больш маргіналізуе. Таму што так прыйшоў на свет Езус, і пра гэта нам нагадваюць яслі”, - звярнуў увагу Пантыфік.
Кампазіцыя Божага Нараджэння на ватыканскай плошчы адсылае сёлета да 200-годдзя абвяшчэння незалежнасці Перу і дэманструе фрагмент паўсядзённага жыцця народаў Анд. Яліну вышынёй 28 метраў прывезлі з Даламітавых Альп у паўночнаітальянскім рэгіёне Трэнціна.
10 снежня 2021 г. вечарам пройдзе ўрачыстая інаўгурацыя каляднай кампазіцыі.