Пошук

Папа: падтрымліваць сужэнства і абараняць яго ад распаду

Касцёл не можа адмовіцца ад абвяшчэння ідэалу сужэнства, а яго душпастырства павінна абараняць сям’ю ад распаду, - адзначыў Папа ў чарговым фільме, прысвечаным Году сям’і Amoris Laetitia.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэтым разам Францішак спаслаўся на сведчанне сям’і Лікесья з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Муж і жонка кажуць у відэа пра сямейныя пары, якія знаходзяцца ў крызісе і адмаўляюцца ад духоўнай падтрымкі і блізкасці Касцёла. Яны адзначаюць, што сужэнскі крызіс не доўжыцца вечна і не абавязкова павінен разбіць сям'ю. Таму трэба дапамагчы сужэнцам наладзіць дыялог, прабачыць адно аднаму і зноўку адкрыць для сябе тую радасць, якую дае любоў.

Спасылаючыся на сведчанне кангалезскай сям’і, Францішак прызнаў, што сёння ранімасць сем’яў стала сур’ёзным выпрабаваннем. “Задача Касцёла – ісці да тых, хто хоча заставацца побач з Богам, дапамагчы ім ператварыць свае няўдачы і пакуты ў магчымасць імкнуцца да паўнаты Евангелля. Уважлівае душпастырства сем’яў умее прымаць, суправаджаць, распазнаваць і інтэграваць іх у касцёльную супольнасць, не з дапамогай простых і банальных рэцэптаў, але дзякуючы кругагляду, які сапраўды прадугледжвае зразуменне і распазнанне сітуацыі”, - лічыць Папа.

Пантыфік перакананы, Касцёлу “сёння, замест душпастырства няўдач, патрэбна душпастырскае служэнне, якое ўмацоўвае сужэнства і не дае яму разваліцца”.

Для выхаду з сужэнскага крызісу, ён прапанаваў стратэгію “магчымых маленькіх крокаў”, выкарыстанне “бальзаму міласэрнасці для гаення ран”. Тут таксама важна, каб сем’і адчувалі сябе вітанымі ў Касцёле, але не коштам замоўчвання праўды аб іх рэальнай сітуацыі. “Мы павінны вучыць прабачэнню, разуменню і надзеі”, - заахвоціў Францішак.
 

16 снежня 2021, 11:33