Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра любімыя калядкі і ўспаміны з маленства

Напярэдадні Божага Нараджэння Святы Айцец даў вялікае інтэрв’ю выданням La Repubblica і La Stampa. Яно было апублікавана італьянскімі СМІ 24 снежня 2020 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Узгадваючы пра традыцыі святкавання Божага Нараджэння ў сваёй сям’і, Папа распавёў, што 25 снежня ўсе яго сваякі збіралася ў доме дзядулі і бабулі, якая звычайна гатавала з гэтай нагоды капелецці – традыцыйную паўночнаітальянскую калядную страву з цеста з мясной ці сырнай начынкай. Ён прызнаўся, што вельмі любіць калядныя спевы, такія як Stille Nacht, heilige Nacht і Tu scendi dalle stelle, якія “перадаюць супакой, надзею і атмасферу радасці з прычыны прыйсця на зямлю Божага Сына”.

Пантыфік, які некалькі дзён таму адзначыў сваё 85-годдзе, заўважыў, што яго дзень нараджэння заўсёды быў святам усёй сям’і, з нагоды якога маці гатавала вельмі густы гарачы шакалад.

Святы Айцец падзяліўся, што будучы малым хлопцам вельмі любіў гуляць у футбол у двары разам з іншымі дзецьмі. Нярэдка яны самі рабілі pelota de trapo – мяч з ануч, які ў свой час стаў культурным сімвалам Аргентыны. Папа прызнаўся, што не быў добрым гульцом і часта стаяў на варотах. “Быццё галкіперам было для мяне вялікай школай жыцця. Варатар павінен заўсёды быць гатовым адказаць на небяспеку, якая можа прыйсці з розных бакоў...”, - сказаў ён.

Францішак узгадаў таксама, што гуляў у баскетбол, маці вадзіла яго ў тэатр, пераказвала літаратурныя творы, якія чула па радыё, а яшчэ ў яго сям’і любілі чытаць, асабліва бацька. Папа прызнаўся, што на яго фармацыю аказалі ўплыў такія творы як “Сэрца” Эдмонда Дэ Амічыса, раманы Хорхэ Луіса Борхеса і Фёдара Дастаеўскага, паэзія Фрыдрыха Гёльдэрліна, а таксама “Заручаныя” Алесандра Мандзоні і “Боская камедыя” Дантэ, урыўкі з якой яго бацька часам дэкламаваў на памяць. Чытанне – “гэта дыялог з кнігай, гэта момант блізкасці, які не могуць даць ні тэлевізар, ні таблет”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што пасля хірургічнай аперацыі, якую перажыў некалькі месяцаў таму, яго жыццёвы рытм амаль не змяніўся. Ён распавёў, што прачынаецца заўсёды ў чатыры гадзіны раніцы і адразу пачынае маліцца, пасля чаго пераходзіць да выканання абавязкаў і правядзення сустрэч. “Я дазваляю сябе толькі кароткую сіесту пасля абеду”, - сказаў Папа.

На завяршэнне інтэрв’ю Францішак падзяліўся сваім жаданнем, каб Божае Нараджэнне сагрэла сэрцы людзей, якія пакутуюць, а таксама “адкрыла і ўмацавала нашы сэрцы, каб палалі жаданнем дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе”.
 

24 снежня 2021, 10:36