Папа: жыццё павінна быць падзякай Богу і дарам для братоў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Шчыра дзякую! Efcharistó! [Дзякую!] З грэчаскай мовы прыйшло ва ўвесь Касцёл гэта слова, якое абагульняе дар Хрыста: Эўхарыстыя. Для нас, хрысціян, удзячнасць упісана ў сэрца веры і жыцця. Няхай Святы Дух зробіць усё наша быццё і дзеянне Эўхарыстыяй – падзякай Богу і дарам любові да братоў”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік падзякаваў дзяржаўных уладам Грэцыі і біскупам, а таксама ўсім, хто прымаў удзел у арганізацыі яго пілігрымкі. “Заўтра я пакіну Грэцыю, але не пакіну вас! Я забяру вас з сабой, у памяці і малітве. Калі ласка, таксама і вы працягвайце маліцца за мяне”, - папрасіў Папа.
Пасля св. Імшы Пантыфік вярнуўся ў Апостальскую нунцыятуру, дзе прыняў з візітам ветлівасці архіепіскапа Афін Іераніма ІІ, прадстаяцеля Грэчаскай Праваслаўнай Царквы.
У апошні дзень свайго 35-га Апостальскага падарожжа, 6 снежня, Францішка адведае старшыня грэчаскага парламента Канстанцінас Тасулас. Затым Папа сустрэнецца з моладдзю ў каталіцкай школе св. Дыянісія, якой кіруюць манахіні-уршулянкі. Пасля звароту да новых пакаленняў грэчаскіх католікаў ён вырушыць у кірунку афінскага аэрапорта, адкуль вылеціць у Рым.