Папа да архіепіскапа Іераніма ІІ: будзем працягваць шлях братэрства
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Папа і прадстаяцель Грэчаскай Праваслаўнай Царквы пакінулі запісы ў кнізе ганаровых гасцей дыпламатычнага прадстаўніцтва Святога Пасаду. Архіепіскап напісаў, што прыбыў, “каб падзякаваць Пантыфіку і Найсвяцейшаму Рымскаму Брату Францішку за яго візіт у Грэцыю”, а таксама выказаў пажаданне добрага падарожжа і Божага благаслаўлення.
Папа, у сваю чаргу, напісаў, што з радасцю і супакоем сустрэў свайго “умілаванага брата Іераніма ІІ”. “Дзякую яму за яго братэрскую дабрыню, за яго лагоднасць, за яго цярплівасць. Няхай Пан адорыць нас ласкай, каб маглі разам працягваць гэты шлях братэрства і міру”, - пажадаў Францішак з удзячнасцю іерарху за “шчодрую дапамогу ў супольнымі пілігрымаванні”. “Няхай Пан благаславіць дзве нашыя Цэрквы-Сёстры, а Святая Божая Маці дапамагае нам”, - заключыў Пантыфік.
Архіепіскап Афін падарыў Папу дзве кнігі: пра пакуты грэкаў у Малой Азіі на пачатку ХХ стагоддзя і пра ахвяр грэчаскай рэвалюцыі, а таксама абраз Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам. Францішак падарыў Іераніму ІІ памятны медаль у гонар яго падарожжа на Кіпр і ў Грэцыю, кнігу, прысвечаную малітве аб спыненні пандэміі, якая прайшла 27 сакавіка 2020 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, а таксама копію абраза, натхнёнага знакамітым творам Леанарда Да Вінчы “Мадонна Літа”, выкананага Эндзі Уорхалам, католікам грэка-візантыйскага абраду.