Францішак: драма Халакосту не павінна паўтарыцца
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Трэба помніць пра знішчэнне мільёнаў яўрэяў і людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Гэта неапісальнае зверства не можа паўтарыцца. Звяртаюся з просьбай да ўсіх, асабліва да педагогаў і сем'яў, заахвочваць у новых пакаленнях рост усведамлення жаху гэтай чорнай старонкі гісторыі, каб яна ніколі не была забыта, каб можна было будаваць будучыню, у якой чалавечая годнасць больш не будзе таптацца”, - сказаў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду 26 студзеня 2022 года.
27 студзеня 1945 года байцы 100-й Львоўскай пяхотнай дывізіі 60-й арміі 1-га Украінскага фронту, якой камандаваў генерал-маёр Фёдар Красавін, вызвалілі вязняў нямецка-фашысцкага лагера Аўшвіц-Біркенаў. У сувязі з важнасцю сімвала былога лагера смерці для ўсяго свету, у лістападзе 2005 года Генеральная Асамблея ААН устанавіла 27 студзеня Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту.