Пошук

Аўдыенцыя з нагоды пачатку новага судовага года Трыбунала Рымскай Роты Аўдыенцыя з нагоды пачатку новага судовага года Трыбунала Рымскай Роты 

Францішак: касцёльны суддзя павінен мець сэрца пастыра

Ніколі не павінна быць недахопу ў разуменні людзей, якія пакутуюць ад краху іх сужэнскага жыцця, - заўважыў Папа падчас сустрэчы з кіраўніцтвам, адвакатамі і супрацоўнікамі Трыбунала Рымскай Роты.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас аўдыенцыі, якая прайшла 27 студзеня 2022 года ў Ватыкане Святы Айцец прапанаваў паразважаць пра судовыя працэсы, якія тычацца прызнання несапраўднасці сужэнства, у святле сінадальнага шляху, які трывае ў Касцёле. 

Папа падкрэсліў, што неабходна пераадолець памылковае разуменне сужэнскіх працэсаў, як пошуку суб'ектыўных інтарэсаў, нанава адкрываючы, што ўсе іх удзельнікі маюць супольную мэту: выяўленне праўды пра канкрэтны саюз паміж мужчынам і жанчынай, прыйшоўшы да высновы адносна таго, ці існуе паміж імі сапраўднае сужэнства.

Францішак спаслаўся на словы Пія ХІІ, які сцвярджаў, што ўсведамленне пошуку праўды як адзінай мэты такіх працэсаў павінна надаваць асаблівую форму дзейнасці і супрацоўніцтву паміж іх удзельнікамі. Праўда, калі становіцца любімай, вызваляе, - дадаў ён. 

Пантыфік падкрэсліў, што прызнанне несапраўднасці сужэнства не павінна быць адзінай мэтай, якой трэба дасягнуць перад абліччам сужэнскага крызісу і не павінна лічыцца правам, важнейшым за факты. Разглядаючы справы, трэба дапамагчы вернікам паразважаць над прычынамі, якія прымушаюць іх патрабаваць прызнання несапраўднасці сужэнства і дапамагаць ім прыняць канчатковае судовае рашэнне, нават калі яно не адпавядае іх чаканням, - сказаў ён.

Папа заўважыў, што толькі такім чынам працэсы аб прызнанні несапраўднасці сужэнства могуць стаць выразам плённага душпастырскага суправаджэння вернікаў у іх сужэнскім крызісе, якое азначае слуханне Святога Духа, што прамаўляе ў канкрэтнай гісторыі людзей. Францішак падкрэсліў, што пошук праўды ўсімі бакамі павінен характарызаваць кожны этап судовага працэсу, таму важна прадухіляць перакручванне і маніпуляцыю фактамі, мэтай чаго можа быць дасягненне запланаванага выніку.

Святы Айцец падкрэсліў, што “сінадальнасць у судовых працэсах патрабуе таксама пастаяннага практыкавання ў слуханні”. Як і ў іншых сферах душпастырства культура слухання можа стаць перадумовай культуры сустрэчы, дадаў ён, нагадваючы пра небяспеку "стандартных" адказаў на канкрэтныя праблемы паасобных людзей. Касцёльныя суддзі пакліканы быць прафесіяналамі, але таксама ўмець слухаць і мець сэрца пастыраў, памятаючы, што законы і суджэнні павінны заўсёды служыць праўдзе, справядлівасці і евангельскай цноте любові.

27 студзеня 2022, 13:06