Пошук

Францішак: усынаўленне – адна з найбольш дасканалых форм любові

Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны святому Юзафу, паказваючы Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, як прыёмнага бацьку Езуса.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Усынаўленне – адна з найбольш дасканалых форм бацькоўства і мацярынства, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 5 студзеня 2022 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Падчас яе ўрывак са Святога Пісання і кароткі змест катэхезы на розных мовах упершыню чыталі не толькі святары, якія працуюць у Дзяржсакратарыяце, але таксама свецкія вернікі і кансэкраваныя асобы з розных ватыканскіх структур. Новаўвядзенне будзе практыкавацца і ў далейшым.

У катэхезе Францішак заўважыў, што евангеліст Мацвей паказвае святога Юзафа як прыёмнага, а не біялагічнага бацьку Езуса. Мацвей удакладняе гэта, пазбягаючы дзеяслова “нарадзіў”, які выкарыстоўваецца ў генеалогіі адносна ўсіх іншых продкаў Езуса, а евангеліст Лука кажа, што Юзаф быў бацькам Езуса, “як лічылі” іншыя.

Святы Айцец заўважыў, што на старажытным Усходзе практыка ўсынаўлення была вельмі распаўсюджанай, прыкладам чаго з’яўляецца практыка левірату, згодна з якой, мужчына павінен быў узяць да сябе жонку свайго памерлага брата, а калі нябожчык не меў дзяцей, то іх першародны сын лічыўся сынам памерлага, каб захаўваўся яго род і спадчынныя правы.

Папа, нагадаў, што святы Юзаф, як афіцыйны бацька, выканаў сваё права надаць імя Дзіцяці, якое, аднак, было падрыхтавана Богам – “Езус”, што значыць “Бог збаўляе”. “Гэта асаблівая рыса постаці Юзафа дазваляе нам сёння паразважаць пра бацькоўства і мацярынства”, - сказаў Пантыфік.

“Не дастаткова нарадзіць на свет сына, каб назвацца яго бацькам ці маці. “Ніхто не нараджаецца бацькам, але становіцца ім. І не становіцца ім толькі таму, што нараджае на свет дзіця, але таму, што з адказнасцю клапоціцца пра гэтае дзіця”, - працытаваў Францішак словы са свайго Апостальскага ліста Patris corde.

“Я думаю асаблівым чынам пра ўсіх, хто адкрываюцца на прыняцце жыцця праз усынаўленне, якое з’яўляецца шчодрым і прыгожым учынкам. Юзаф паказвае нам, што такі від повязі не з’яўляецца другарадным, не з’яўляецца проста выйсцем з сітуацыі. Выбар такога роду з’яўляецца адной з найбольш дасканалых форм любові, а таксама бацькоўства і мацярынства”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што вялікае мноства дзяцей чакае, калі хтосьці возьме на сябе клопат пра іх, а таксама ёсць шмат сужонкаў, якія жадаюць быць бацькамі і маці, але не могуць па біялагічных прычынах; або, ужо маючы дзяцей, хочуць падзяліцца сямейнай любоўю з тымі, хто быў пазбаўлены яе. “Не трэба баяцца выбраць шлях усынаўлення, пагадзіцца на “рызыку” прыняцця дзяцей”, - заклікаў ён.

Францішак пажадаў, каб дзяржаўныя ўстановы заўсёды былі гатовымі дапамагчы ў гэтым сэнсе, захоўваючы належны кантроль, але таксама спрашчаючы неабходныя працэдуры, “каб магла споўніцца мара шматлікіх дзяцей, якія маюць патрэбу ў сям’і, і шматлікіх сужонцаў, якія прагнуць падарыць сябе ў любові”.

Святы Айцец запэўніў у малітве за тых, хто адчувае сябе пазбаўленым повязі бацькоўскай любові, выказваючы пажаданне, каб святы Юзаф абараняў і дапамагаў сіротам, а таксама заступаўся за сужэнскія пары, якія жадаюць мець дзіця.

“Святы Юзэфе, ты які любіў Езуса бацькоўскай любоўю, будзь блізкім да шматлікіх дзяцей, якія не маюць сям’і і прагнуць мець тату і маму. Падтрымай сужонкаў, якія не могуць мець дзяцей, дапамажы ім праз гэтая вялікія цярпенні зразумець больш вялікую задуму. Зрабі так, каб усе мелі дом, повязі, чалавека, які паклапоціцца пра яго ці яе; а таксама аздараві ад эгаізму тых, хто закрываецца на жыццё, каб расчынілі сэрцы на любоў. Амэн”, - завяршыў сваю катэхезу Францішак.

05 студзеня 2022, 11:21

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >