Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Нямецкі мусульманскі лідар пад уражаннем пасля размовы з Папам

Сярод удзельнікаў агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 12 студзеня 2022 года быў старшыня Цэнтральнай рады мусульман Германіі Айман Маз’ек. Ён назваў сваю сустрэчу з Папам хвалюючай і натхняльнай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Калі на развітанне ён сказаў мне: “маліся за мяне!”, я застаўся пад уражаннем”, - апісаў свае эмоцыі мусульманскі лідар у інтэрв’ю каталіцкаму сайту domradio.de.

Нягледзячы на тое, што Маз’ек меў магчымасць размаўляць з Пантыфікам у трэці раз, сустрэча ў мінулую сераду стала для яго “самым кранальным і прыгожым момантам”. “Францішак вельмі прыязны чалавек. Калі нехта ўсхваляваны ці, магчыма, перажывае, ён хутка здымае гэтую нервовасць, і ты сапраўды адчуваеш сябе братам па веры”, - прызнаўся ён.

Кароткая размова паміж Пантыфікам і прадстаўнікамі Цэнтральнай рады мусульман Германіі датычыла, між іншым, тэкстаў Францішка, у якіх ён выразна падкрэслівае важнасць сустрэчы з рознымі рэлігіямі. Мусульманскі лідар заўважыў у інтэрв’ю, што і мусульмане, і хрысціяне разам хочуць працаваць на карысць адзінай Еўропы. У розных сферах Папа з’яўляецца “ідэальным прыкладам таго, як гэта трэба рабіць”, - перакананы Айман Маз’ек.
 

17 студзеня 2022, 09:44