Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік пра хрысціянскі погляд на лідарства і прадпрымальніцтва

Касцёл мае патрэбу ў сведчанні прадпрымальнікаў-хрысціян, - падкрэсліў Папа падчас аўдыенцыі для групы французскіх бізнесменаў, які прыняў 7 студзеня 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Я лічу цудоўнымі і мужным тое, што ў сённяшнім свеце, часта пазначаным індывідуалізмам, абыякавасцю, а таксама адчужэннем найбольш уразлівых людзей, некаторыя прадпрымальнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў маюць на сэрцы служэнне ўсім, а не толькі прыватным інтарэсам ці інтарэсам вузкіх колаў”, - сказаў сваім гасцям Папа.

Францішак падзяліўся з імі некаторымі евангельскімі навучаннямі, якія могуць дапамагчы выконваць ролю лідара паводле сэрца Бога. Ён узяў за аснову дзве пары паняццяў, якія здаюцца супрацьлеглымі, але якія хрысціянін, з дапамогай Божай ласкі, можа злучаць у сваім жыцці: ідэал і рэальнасць; улада і служэнне”.

Пантыфік нагадаў, што некалькі дзён таму, каментуючы нараджэнне Езуса ў беднай стайні, ён ужо казаў пра сутыкненне паміж ідэалам і рэальнасцю, якое часта сустракае кожны хрысціянін, перажываючы сапраўды шок. “Мы жадаем, каб усё было добра, а потым надыходзіць, як гром пасярод яснага неба, нечаканая праблема. І ўзнікае балючае сутыкненне паміж чаканнямі і рэчаіснасцю”, - працытаваў Папа словы сваёй гаміліі на ўрачыстасць Багародзіца Марыі.

“Пошук агульнага дабра з’яўляецца для вас прычынай заклапочанасці, ідэалам, сферай вашай прафесійнай адказнасці", але вы павінны “лічыцца з абавязкамі, накладзенымі актуальнымі эканамічнымі і фінансавымі сістэмамі, якія часам высмейваюць евангельскія прынцыпы сацыяльнай справядлівасці і міласэрнай любові”, - сказаў Пантыфік.

“І я ўяўляю, што часам, ваша пасада цісне на вас, што ваша сумленне ўваходзіць у канфлікт, калі ідэал справядлівасці і агульнага дабра, якіх вы планавалі дасягнулі, не маглі рэалізавацца, і што складаная рэальнасць, прадстае перад вамі як недахоп, няўдача, згрызота, шок”, - дадаў Францішак, падкрэсліваючы, што важна пераадольваць і перажываць такія сітуацыі з верай, каб быць здольнымі трываць і не апускаць рукі.

“Перад абліччам “скандалу стайні” Марыя не ўпала ў роспач, не абурылася, а рэагавала захоўваючы і разважаючы ў сэрцы, дэманструючы дарослую веру, якая ўмацоўваецца выпрабаваннямі. Захоўваць – значыць прымаць з пакорай, нягледзячы на цьмянасць, нежаданыя рэчы, якія складана прыняць, якім не можам перашкодзіць; не спрабаваць замаскіраваць ці “ўпрыгожыць” жыццё, не ўцякаць ад уласнай адказнасці. Разважаць – значыць у малітве спалучаць тое цудоўнае і кепскае, з чаго складаецца жыццё, лепш разумець яго перапляценні і яго сэнс з пункту гледжання Бога”, - патлумачыў Святы Айцец.

Каментуючы другую пару супрацьлеглых паняццяў – улада і служэнне – Папа нагадаў, што калі апосталы пачалі спрачацца пра першынства Езус сказаў ім: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх” (Мк 9,35).

“Місія хрысціяніна-кіраўніка падобна ў многіх аспектах на місію пастыра, прыкладам якога з’яўляецца Езус, які здольны ісці наперадзе статку, каб указваць шлях, які здольны прабываць усярэдзіне, каб бачыць тое, што адбываецца, і які здольны быць ззаду, каб упэўніцца, што ніхто не згубіў кантакт. Я часта заклікаў святароў і біскупаў мець “пах авечак”, занурацца ў рэальнасць, якая ім даверана, пазнаваць яе, станавіцца блізкімі да яе. Я думаю, што гэта парада датычыць таксама і вас! Таму заклікаю вас быць блізкімі да тых, хто супрацоўнічае з вамі на ўсіх узроўнях: цікавіцца іх жыццём, лічыцца з іх цяжкасцямі, пакутамі, непакоем, але таксама з іх радасцямі, задумамі і надзеямі”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што для ажыццяўлення ўлады ў якасці служэння неабходна дзяліцца ёй. “Таксама і тут Езус з’яўляецца нашым настаўнікам, калі пасылае вучняў на місію, даючы ім сваю ўладу. Вы пакліканы практыкаваць субсідыярнасць, якая цэніць “аўтаномію і ініцыятыўнасць усіх, асабліва самых апошніх. Усе члены цела з’яўляюцца неабходнымі і (...) тыя, якія могуць здавацца найбольш слабымі і найменш важнымі, насамрэч з’яўляюцца самымі неабходнымі”. Таму, хрысціян-кіраўнік пакліканы з увагай адносіцца да месца, якое займае кожны член яго прадпрыемства, у тым ліку тыя, чые абавязкі могуць здавацца нязначнымі, бо кожны важны ў вачах Бога. Нават калі выкананне ўлады патрабуе прыняцця мужных рашэнняў і часам ад першай асобы, субсідыярнасць дазваляе кожнаму праявіць свае найлепшыя якасці, адчуваць сябе ўдзельнікам, несці сваю частку адказнасці і такім чынам рабіць унёсак у дабро ўсіх”, - патлумачыў Святы Айцец.

“Я разумею наколькі Евангелле можа быць патрабавальным і складаным да рэалізацыі ў прафесійным свеце, пазначаным духам спаборніцтва і канкурэнцыі. Тым не менш, заклікаю вас трымаць позірк на Езусе Хрысце ў вашым малітоўным жыцці і ахвяры штодзённай працы. Ён на крыжы спазнаў, што значыць любіць да канца, споўніць сваю місію аж да аддання ўласнага жыцця. Таксама і вы майце вашы крыжы, якія трэба несці. Але майце давер: Ён паабяцаў, што будзе суправаджаць нас “аж да сканчэння свету” (Мц 28,20). Не стамляйцеся прасіць Святога Духа, каб кіраваў вашымі рашэннямі. Касцёл мае патрэбу ў вашым сведчанні”, - сказаў на заканчэнне прамовы Францішак.
 

07 студзеня 2022, 13:14