Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: блізкасць да хворых на праказу і жыхароў Далёкага Усходу

Пасля малітвы Анёл Панскі, якая 30 студзеня 2022 года прайшла ў Ватыкане Папа выказаў сваю салідарнасць хворым на праказу, а таксама павіншаваў усіх, хто святкуе Новы год па месяцовым календары.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Сёння адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з праказай. Выказваю маю блізкасць усім, хто пакутуе ад гэтай хваробы, і жадаю, каб яны не мелі недахопу ў духоўнай падтрымцы і медыцынскай дапамозе. Неабходна супольна працаваць на карысць поўнай інтэграцыі гэтых людзей, перамагаючы ўсе віды дыскрымінацыі, звязанай з праказай, якія, на жаль, па-ранейшаму закранаюць многіх, асабліва ў найбольш нешчаслівых кантэкстах”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў таксама, што 1 лютага на Далёкім Усходзе і ў іншых частках свету будзе адзначацца Месяцовы новы год, у сувязі з гэтым ён скіраваў пажаданні міру, здароўя, спакойнага і бяспечнага жыцця. Папа заўважыў, што па прычыне пандэміі многія сем’і не змогуць адзначаць гэта свята разам. “Спадзяюся, што мы зможам пераадолець гэта выпрабаванне. Жадаю, нарэшце, каб дзякуючы добрай волі паасобных людзей і салідарнасці народаў уся чалавечая сям’я магла з новымі сіламі дасягнуць матэрыяльнага і духоўнага росквіту”, - сказаў Пантыфік.

У вігілію літургічнага ўспаміну святога Яна Боска Папа прывітаў таксама ўсіх салезіянаў і салезіянак, “якія робяць шмат дабра ў Касцёле”. Францішак нагадаў, што Ян Боска быў вялікім святым, бацькам і настаўнікам моладзі, які не замкнуўся ў сакрыстыі і сваіх уласных справах, а з уласцівай яму крэатыўнасцю выйшаў на вуліцу, каб шукаць моладзь.
 

30 студзеня 2022, 13:45