Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для членаў італьянскай Нацыянальнай асацыяцыі будаўнікоў Папа падчас аўдыенцыі для членаў італьянскай Нацыянальнай асацыяцыі будаўнікоў 

Папа: для сапраўднага прадпрымальніка кожны чалавек бясцэнны

Святы Айцец прапанаваў паглядзець з хрысціянскага пункту гледжання на некаторыя фундаментальныя прынцыпы дзейнасці прадпрыемстваў, якія працуюць у будаўнічай сферы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

20 студзеня 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў італьянскай Нацыянальнай асацыяцыі будаўнікоў (L’Associazione Nazionale Costruttori Edili). Сустрэча прайшла з нагоды 75-годдзя аб’яднання, заснаванага ў 1946 годзе на хвалі адбудовы краіны пасля Другой сусветнай вайны.

Праводзячы паралель з евангельскай прыпавесцю пра разумнага будаўніка, які паставіў свой дом на скале, Папа заўважыў, што важна не абмяжоўвацца толькі стварэннем вобразу хрысціяніна, але паводзіць сябе па-хрысціянску: гэта дазволіць быць моцнымі не толькі ў звычайныя перыяды, але вытрываць таксама ў складаныя моманты.

У такім святле Францішак прапанаваў сваім гасцям паглядзець з хрысціянскага пункту гледжання на каштоўнасці, якія ляжаць у аснове дзейнасці іх арганізацыі: канкурэнцыю і празрыстасць; адказнасць і ўстойлівасць; этыку, павагу да закону і бяспеку.

Пантыфік зазначыў, што канкурэнцыя не павінна падштурхоўваюць да знішчэння суперніка і панавання, а быць стымулам для таго, каб працаваць лепш. Імкненне перамагчы іншага ўсякім коштам і адсутнасць празрыстасці, на яго думку, прыводзяць да скарачэння працоўных месцаў, пашырэння нелегальнай працы і нізкай аплаты працы, спрыяюць карупцыі, злачыннасці і несправядлівасці.

Францішак заклікаў сваіх гасцей да адказнага і ўстойлівага падыходу да матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве, каб клапаціцца пра бяспеку людзей і ахову навакольнага асяроддзя.

Папа нагадаў словы з энцыклікі Laudato si’: “Асобы, якія праектуюць будынкі, мікрараёны, публічную прастору і гарады, патрабуюць досведу розных дысцыплін, якія дазваляюць зразумець працэсы, сімволіку і паводзіны людзей. Недастаткова імкнуцца да прыгажосці праектаў, бо яшчэ больш каштоўным з’яўляецца служэнне іншым відам прыгажосці: якасці жыцця людзей, іх гармоніі з навакольным асяроддзем, спатканню і ўзаемнай дапамозе. Таму вельмі важна, каб пункт бачання мясцовых жыхароў заўсёды ўносіў свой уклад ва ўрбаністычнае планаванне” (150). “Няхай ваша праца дапаможа супольнасцям умацоўваць повязі салідарнасці, супрацоўніцтва, узаемнай падтрымкі”, - дадаў ён.

Каментуючы праблему этыкі, павагі да закону і бяспекі ў будаўнічым сектары Францішак нагадаў пра вялікую колькасць смяротных выпадкаў у гэтай сферы ў Італіі на працягу мінулага года. Ён заклікаў не эканоміць на бяспецы людзей, бо менавіта яны з’яўляюцца сапраўдным багаццем.

“Бяспека працоўных месцаў азначае абарону чалавечых рэсурсаў, якія маюць бясцэнную каштоўнасць у вачах Бога і ў вачах сапраўднага прадпрымальніка”, - сказаў Папа, нагадваючы, што бяспечныя ўмовы працы дазваляюць чалавеку праявіць свае найлепшыя якасці, зарабляючы на штодзённы хлеб. “Чым больш будзем клапаціцца пра годнасць працы, тым больш будзем упэўнены ў павелічэнні якасці і прыгажосці рэалізаваных аб’ектаў”, - сказаў Пантыфік, давяраючы сваіх гасцей апецы святога Юзафа.
 

20 студзеня 2022, 12:24