Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: крытэрый прагрэсу – людзі, якія выбраліся з беднасці

Не дэкларацыі аб намерах, а канкрэтныя высілкі патрэбны для таго, каб эканоміка і фінансы сталі на службу людзям і навакольнаму асяроддзю, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак перакананы, што крытэрыем прагрэсу павінны быць людзі, якія выбраліся з беднасці і маюць годную працу, а не логіка прыбытку, экспансіі і атрымання хуткай выгады. Аб гэтым ён напісаў у пасланні да ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму: “Падрыхтаваць будучыню, будаваць устойлівую, інклюзіўную і аднаўляльную эканоміку”.

Форум, які сабраў разам іерархаў Рымскай курыі, касцёльных экспертаў, навукоўцаў, бізнесменаў і эканамістаў, прайшоў 12 студзеня 2022 года ў Латэранскім палацы ў Рыме за закрытымі дзвярыма. Ён быў арганізаваны Ватыканскай камісіяй па COVID-19 пры Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і буйной італьянскай кансалтынгавай кампаніяй Network Deloitte.

Папа заўважыў, што да правядзення сустрэчы падштурхнула патрэба падрыхтаваць будучыню на аснове найлепшых магчымасцяў навукі, рэалізму Евангелля і салідарнасці з маргіналізаванымі. Ад нашым высілкаў залежыць тое, што будзе далей, - папярэдзіў ён.

Пантыфік нагадаў, што “пандэмія не можа пакінуць нас такімі, якімі мы былі дагэтуль”. а таксама з жалем зазначыў: трэба прызнаць, што за апошнія два гады “мы згубілі шмат магчымасцей, каб змяніць наш падыход”. Францішак звярнуў увагу на “новыя формы несправядлівасці і няроўнасці”, на выклікі, якія не губляюць актуальнасці, сярод якіх “клопат пра супольны дом, размеркаванне вакцын, пашырэнне голаду, беднасць і гандаль зброяй”.

Неабходна прасоўваць “змену парадыгмы” і “знайсці крэатыўныя рашэнні”, - напісаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што асаблівую адказнасць у гэтым кантэксце мае свет эканомікі і фінансаў. Ён заклікаў удзельнікаў форума прыкладаць супольныя намаганні ў сферы барацьбы з беднасцю і беспрацоўем. “Як бы я хацеў, каб усе ўзялі на сябе адказнасць за падрыхтоўку іншай будучыні!”, - прызнаўся Папа.
 

13 студзеня 2022, 09:55