Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: мне не хапае магчымасці шпацыраваць па вуліцах горада

Пантыфік адказаў на ліст журналіста, які сфатаграфаваў яго каля музычнай крамы ў цэнтры Рыма, заахвоціўшы верна выконваць сваё пакліканне, нават калі гэта значыць ствараць нязручнасці для Папы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Тое, чаго мне найбольш не хапае ў гэтай дыяцэзіі, гэта магчымасці блукаць па вуліцах, як я рабіў гэта ў Буэнас-Айрэсе, шпацыруючы ад парафіі да парафіі”, - напісаў Францішак да іспанскага журналіста Хаўера Марцінаса-Бракаля, дырэктара тэлекампаніі Rome Reports.

Вечарам 11 студзеня 2022 года журналіст знаходзіўся ў цэнтральнай частцы Рыма, дзе раптам убачыў Папу, які выходзіў з музычнай крамы Stereosound, куды прыбыў адведаць старых знаёмых. Марцінэс-Бракаль зрабіў фотаздымак Пантыфіка, які шырока разышоўся ў сацыяльных сетках.

Затым журналіст напісаў Святому Айцу ліст, у якім выказаў шкадаванне, “што чалавек, які вельмі любіць свабоду, вымушаны заставацца закрытым дома, бо кожны раз, калі выходзіць, трапляе ў аб’ектывы”. Ён дадаў таксама, што навіны пра імправізаваныя выйсці Папы могуць выклікаць усмешку ў людзей, у той час, калі навокал гаворыцца толькі пра трагедыі.

Францішак адказаў Марцінэсу-Бракалю, выказваючы падзяку за яго пост у сацыяльных сетках, і з іроніяй прызнаючы, што яму насамрэч “не пашчасціла”, бо “пасля таго, як былі прыняты ўсе неабходныя меры, на месцы апынуўся журналіст, які чакаў кагосьці на прыпынку таксі”. Пантыфік дадаў, што “ніколі нельга губляць пачуцця гумару”, і заахвоціў журналіста спаўняць сваё пакліканне, “нават калі гэта значыць ствараць нязручнасці для Папы”.
 

15 студзеня 2022, 10:51