Пошук

Аўдыенцыя для дэлегацыі Агенцтва па падатковых паступленнях Аўдыенцыя для дэлегацыі Агенцтва па падатковых паступленнях 

Пантыфік: неабходна змяніць культуру адносін да падаткаў

Папа прыняў дэлегацыю італьянскага Агенцтва па падатковых паступленнях, прапанаваўшы сваім гасцям паразважаць над прынцыпамі законнасці, бесстароннасці і празрыстасці ў святле Евангелля.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас аўдыенцыі, якая 31 студзеня 2022 года прайшла ў Ватыкане, Францішак заўважыў, што ў Святым Пісанні часта гаворыцца пра падаткі, бо яны з’яўляюцца часткай штодзённага жыцця ад самай старажытнасці. У часы Езуса іх збіралі “мытнікі”, сярод якіх Папа ўзгадваў пра Закхей, а таксама пра Мацвея, які пасля сустрэчы з Хрыстом, стаў Яго вучнем, апосталам і евангелістам.

“Біблія не дэманізуе грошы, але заклікае карыстацца імі справядліва, не станавіцца іх нявольнікамі, не пакланяцца ім”, - заўважыў Пантыфік, нагадаючы пра “малавядомую, але вельмі цікавую” практыку выкарыстання дзесяціны ў Старым Запавеце: яна ішла на ўтрыманне пакалення Леві, якое, у адрозненні ад іншых плямён Ізраэля, не атрымала ў спадчыну частку Абяцанай зямлі.

“Заданнем левітаў было служэнне ў святыні Пана і нагадванне ўсім, што Ізраэль – гэта народ, збаўлены Богам”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што яны жылі за кошт падатковых збораў з іншых плямён і павінны былі дапамагаць народу сталець у разуменні яго несамадастатковасці, прыпамінаючы, што збаўленне паходзіць ад Бога, і ў адказнасці адзін за аднаго, пачынаючы з самых патрабуючых.

Пантыфік адзначыў, што на зборшчыкаў падаткаў часта глядзяць з варожасцю. На жаль “пэўная культура падазронасці можа пашырацца на тых, каму даручана дбаць пра захаванне законнасці”: гэта вельмі важнае заданне, бо “законнасць абараняе ўсіх” і з’яўляецца “гарантыяй роўнасці”, а ў падатковай сферы яна служыць збалансаванню грамадскіх адносін, пазбаўляючы сіл карупцыю, несправядлівасць і няроўнасць.

У той жа час Папа заўважыў, што існуе патрэба ў “належнай фармацыі і культурнай перамене”, каб збор падаткаў не лічыўся “засоўваннем рук у кішэню”. “Насамрэч, падаткаабкладанне – гэта знак законнасці і справядлівасці. Яно павінна спрыяць пераразмеркаванню багаццяў, ахоўваючы годнасць бедных і самых апошніх, якія заўсёды рызыкуюць тым, што іх раструшчаць магутныя. Падаткі, калі справядлівыя, служаць агульнаму дабру”, - сказаў Святы Айцец.

“Давайце будзем працаваць на карысць развіцця культуры агульнага дабра, каб людзі па-сур’ёзнаму адносіліся да прынцыпу паўсюднага размеркавання дабротаў, якому сацыяльнае вучэнне Касцёла працягвае вучыць сёння, атрымаўшы яго ў спадчыну ад Святога Пісання і Айцоў Касцёла”, - дадаў ён.

Гаворачы пра бесстароннасць, Папа заўважыў, што ў грамадстве, якое ставіць у цэнтр прыватную ўласнасць як абсалют і не можа падпарадкаваць яе еднасці і дзяленню на карысць усіх, праца падатковых органаў не ўспрымаецца станоўча. Разам са шматлікімі выпадкамі ўхілення ад падаткаў, існуе, аднак, мноства людзей, якія плацяць належнае, робячы ўнёсак у агульнае дабро. Прынцып бесстароннасці ў працы падатковых служб, паводле Пантыфіка, павінен пацвярджаць, што ніводны грамадзянін не з’яўляецца лепшым за іншага ў сілу яго сацыяльнай прыналежнасці. Святы Айцец назваў сумленных людзей сапраўдным багаццем грамадства і заклікаў распавядаць пра іх.

Францішак адзначыў таксама важнасць празрыстасці: падаткі часта ўспрымаюцца негатыўна, калі людзям не зразумела дзе і як выкарыстоўваюцца грамадскія грошы. У сувязі з гэтым Святы Айцец нагадаў словы італьянскага святара, ксяндза Прыма Мацалары, скіраваныя ў 1948 годзе да католікаў, выбраных у парламент: “Празрыстасць у распараджэнні грашыма, якія з’яўляюцца плёнам цяжкай працы шматлікіх работнікаў і работніц, дэманструе свабоду духа і робіць людзей больш матываванымі плаціць падаткі, асабліва, калі падатковыя зборы спрыяюць пераадоленню няроўнасці, інвестыцыям, накіраваным на стварэнне новых працоўных месц, забеспячэнню ўсіх добрай аховай здароўя і адукацыяй, стварэнню інфраструктуры, якая аблягчае грамадскае і эканамічнае жыццё”.

 

31 студзеня 2022, 13:51