Пошук

Папа: святы Юзаф вучыць злучаць малітву з любоўю да бліжняга

Толькі калі злучаем малітву з любоўю да бліжняга становімся здольным разумець пасланні Пана, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 26 студзеня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу значэнню сноў святога Юзафа, заўважаючы, што ў Бібліі і ў культурах старажытных народаў, “сны лічыліся сродкам, праз які адкрываецца Бог”. “Сон сімвалізуе духоўнае жыццё кожнага з нас, унутраную прастору, якую кожны з нас пакліканы даглядаць і ахоўваць, у якой Бог аб’яўляецца і часта прамаўляе да нас”, - сказаў ён.

Святы Айцец зазначыў, што “ўнутры кожнага з нас прамаўляе не толькі голас Бога, але таксама шмат іншых галасоў”: “голас нашых страхаў, мінулых досведаў, спадзяванняў, а таксама голас злога, які хоча падмануць і заблытаць нас”. Таму “важна быць здольнымі распазнаваць голас Бога сярод іншых галасоў”, - дадаў Папа.

Францішак заўважыў, што Юзаф быў чалавекам, які “клапаціўся пра неабходную цішыню” і “прымаў слушныя рашэнні ў святле слова, якое Бог скіроўваў да яго”. У сувязі з гэтым ён прапанаваў паразважаць пра чатыры сны Юзафа, апісаныя ў Евангеллі, каб зразумець як паводзіць сябе, калі нам адкрываецца Бог.

У першым сне (пар. Мц 1,18-25) анёл Пана дапамог Юзафу знайсці выйсце з драматычнай сітуацыі, якая ўзнікла, калі ён даведаўся пра цяжарнасць Марыі. Божы пасланнік сказаў яму: “Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога”, а “абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана”.

“Вельмі часта жыццё ставіць нас перад сітуацыямі, якія мы не разумеем і якія здаюцца безвыходнымі. Маліцца, у такія моманты, значыць даваць Пану магчымасць указаць нам як паступіць правільна. Насамрэч, вельмі часта менавіта малітва дапамагае нарадзіцца ў нас адчуванню таго, дзе знаходзіцца выйсце, як вырашыць сітуацыю. Дарагія браты і сёстры, Пан ніколі не дапускае праблемы, не даючы нам таксама і неабходнай дапамогі для яе пераадолення”, - сказаў Пантыфік.

У другім сне Юзаф атрымаў заклік уцякаць у Егіпет, бо жыццё Божага Сына знаходзілася ў небяспецы, і ён неадкладна зрабіў гэта (пар. Мц 2, 13-15). “У жыцці мы сустракаем небяспекі, якія пагражаюць нашаму існаванню ці жыццю тых, каго любім. У такіх сітуацыях, маліцца значыць слухаць голас, які можа паспрыяць нараджэнню ў нас такой адвагі, якую меў Юзаф, каб пераадолець цяжкасці, не скараючыся”, - патлумачыў Папа.

У трэцім сне Юзаф даведаўся, што тыя, хто хацеў забіць Езуса, памерлі; таму згодна з наказам вярнуўся з Марыяй і Езусам на радзіму, хоць і баяўся, бо замест Ірада валадарыў яго сын Архелай (пар. Мц 2, 19-20). Тады, у чацвёртым сне, Бог сказаў яму праз анёла, адправіцца ў Галілею (пар. Мц 2, 22-23). Таксама і страх з’яўляецца часткай жыцця, але дзякуючы Божай дапамозе, можна зрабіць так, каб ён не абумоўліваў нашы рашэнні. “Моц малітвы дапамагае святлу ўвайсці нават у цёмныя сітуацыі”, - сцвердзіў Францішак.

“У гэты момант я думаю пра шматлікіх людзей, прыгнечаных цяжарам жыцця, якія не могуць ужо ні спадзявацца, ні маліцца. Няхай святы Юзаф дапаможа ім адкрыцца на дыялог з Богам, каб знайсці патрэбнае святло, сілу і дапамогу. А яшчэ я думаю пра бацькоў перад абліччам праблем іх дзяцей, дзяцей з шматлікімі захворваннямі, хворых дзяцей, таксама дзяцей з невылечнымі хваробамі. Колькі тут болю. Я думаю пра бацькоў, якія бачаць іншую сексуальную арыентацыю ў сваіх дзяцей; як справіцца з гэтым і суправаджаць іх, не хавацца ў асуджальным стаўленні. Я думаю пра бацькоў, якія бачаць як іх дзеці  паміраюць з прычыны хвароб ці гінуць з-за балаўства ў дарожных здарэннях: пра такія яшчэ больш сумныя сітуацыі мы штодзённа чытаем у газетах. Я думаю пра бацькоў, дзеці якіх не ходзяць у школу... Вельмі шмат праблем маюць бацькі. Давайце падумаем пра іх, як дапамагчы ім. У гэтых сітуацыях вельмі шмат болю. Але скіруйце свае думкі да Пана, падумайце пра тое, як вырашаў праблемы Юзаф і прасіце Юзафа дапамагчы вам. Ніколі не асуджайце дзіця...”, - заклікаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што малітва – гэта не абстрактны ці індывідуалістычны жэст, яна заўсёды непарыўна звязана з любоўю. “Толькі калі злучаем малітву з любоўю да бліжняга становімся здольным разумець пасланні Пана. Юзаф маліўся і любіў, і таму заўсёды атрымліваў неабходнае для пераадолення жыццёвых выпрабаванняў. Даверымся яго заступніцтву”, - заклікаў Францішак, завяршыўшы катэхезу малітвай да святога Юзафа, просячы яго дапамагчы аднавіць духоўнае жыццё як месца, у якім Бог аб’яўляецца і збаўляе нас.

26 студзеня 2022, 10:48

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >