Пантыфік удзячны Касцёлу ў Карэі за дапамогу ў барацьбе з COVID-19
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік падкрэсліў, што высока цэніць гэты шчодры жэст у лісце на імя арцыбіскупа Сеула Пітэра Чон Сун-Тэка, які быў адпраўлены яшчэ напярэдадні Божага Нараджэння.
17 снежня 2021 года Сеульская архідыяцэзія даслала ў Ватыкан ахвяраванне ў 1,4 мільёна долараў ЗША, якія былі выкарыстаны Апостальскай элемазінарыяй для правядзення кампаніі па вакцынацыі сярод бедных. Фінансавыя сродкі былі сабраны ў рамках ініцыятывы “Падзяліся вакцынай”, якая праводзілася Канферэнцыяй Біскупаў Карэі ў адказ на заклік Папы забяспечыць усім роўны доступ да медыцынскіх паслуг і вакцынацыі ад каронавіруса. Падчас пандэміі Касцёл у Карэі даслаў буйную суму грошай у Ватыкан ужо ў трэці раз. Агульная сума ахвяраванняў склала 3,4 мільёна долараў.