Святы Айцец: не толькі абараняць, але і спрыяць веры
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На самым пачатку Францішак працытаваў фрагмент сваёй энцыклікі Fratelli tutti: “Горача прагну, каб у гэты час, калі нам выпала жыць, мы змаглі, шануючы годнасць кожнай чалавечай асобы, нанава ажывіць ва ўсіх сусветнае імкненне да братэрства” (8). “Калі братэрства – гэта мэта, якую Створца задумаў для падарожжа чалавецтва, то галоўным шляхам застаецца прызнанне годнасці кожнай чалавечай асобы”, - дадаў ён.
Пантыфік з жалем заўважыў, што ў наш век, адзначаны грамадскім, палітычным і медыцынскім напружаннем, “расце спакуса лічыць іншага чужым ці ворагам, адмаўляючы яму ў сапраўднай годнасці”. Таму менавіта Касцёл павінен нагадваць сваё двухтысячагадовае вучэнне, “што годнасць кожнага чалавека мае ўнутраны характар і дзейнічае з моманту яго зачацця да натуральнай смерці”. Менавіта такое разуменне годнасці “з'яўляецца неабходнай перадумовай для абароны асабістага і грамадскага існавання”.
Францішак лічыць, што сёння сярод вернікаў усё больш і больш запатрабавана “мастацтва праніклівасці” – распазнання рэчаіснасці. Яны сутыкаюцца з новымі і складанымі пытаннямі, з духоўнасцю, “якая не заўсёды знаходзіць пункт адліку ў Евангеллі”. “Такім чынам, здараецца, што нярэдка нам даводзіцца мець справу з меркаванымі звышнатуральнымі з’явамі, адносна якіх народ Божы павінен атрымаць дакладныя і цвёрдыя ўказанні”, - звярнуў увагу тэолагаў Францішак.
Распазнанне патрэбна і ў сферы барацьбы з любымі злоўжываннямі. “Касцёл з Божай дапамогай цвёрда прытрымліваецца абавязацельстваў рэалізаваць справядлівасць у адносінах да ахвяр злоўжыванняў з боку яго прадстаўнікоў, з асаблівай увагай і строгасцю прымяняючы прадугледжанае кананічнае заканадаўства”, - заявіў Святы Айцец. Ён заклікаў практыкаваць праніклівасць і ў выпадках скасавання сужэнскай повязі in favorem fidei.
Папа нагадаў, што профільная Кангрэгацыя “паклікана не толькі абараняць, але і спрыяць веры”, паколькі “без веры прысутнасць вернікаў у свеце была б зведзена да гуманітарнай структуры”. Ён заклікаў не баяцца крызісаў веры, паколькі часта менавіта яны даюць стымул для росту.
“Не будзем задавальняцца цёплай, звыклай, ручной верай. Давайце супрацоўнічаць з Духам Святым і імкнуцца, каб агонь, які Езус прыйшоў прынесці ў свет, мог працягваць гарэць і распальваць сэрцы ўсіх”, - звярнуўся Францішак да членаў і супрацоўнікаў Кангрэгацыі Веравучэння.