Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец маліўся за мір ва Украіне

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 26 студзеня 2022 года прайшла ў Ватыкане, Папа правёў малітву за мір ва Украіне. Ён заклікаў вернікаў маліцца ў гэтай інтэнцыі таксама на працягу дня.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Будзем горача прасіць Пана, каб гэта зямля магла ўбачыць росквіт братэрства і пераадолець раны, страх і падзелы”, - сказаў Францішак, нагадваючы, што падчас Другой сусветнай вайны загінула каля 5-ці мільёнаў украінцаў.

“Гэты народ шматпакутны, ён выцерпеў голад, спазнаў нямала жорсткасці і заслугоўвае міру. Няхай жа малітвы і ўскліканні, якія сёння ўзносяцца да неба, дакрануцца розуму і сэрцаў адказных на зямлі, каб яны паставілі дыялог і дабро ўсіх вышэй за прыватныя інтарэсы. Прашу: няхай больш ніколі не будзе вайны!”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў памаліцца Ойча наш – “малітвай, якая робіць нас братамі, малітвай братоў, якія просяць аб прымірэнні і згодзе”.

Святы Айцец абвясціў 26 студзеня 2022 года спецыяльным Днём малітвы за мір ва Украіне падчас Анёл Панскі ў мінулую нядзелю, 23 студзеня.

26 студзеня 2022, 11:31