Ужо тры гады існуе неафіцыйная музычная калекцыя Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Даўно вядома, што Францішак – вялікі аматар музыкі, і таму ён рэгулярна атрымлівае ў падарунак дыскі з запісамі. Аднак, інфармацыя аб існаванні нефармальнай музычнай калекцыі, якую абнародаваў у інтэрв'ю Corriere della Sera кардынал Джанфранка Равазі, зусім новая.
На 1728 кампакт-дысках і 19 пласцінках – у асноўным запісы класічнай музыкі. У калекцыі, створанай тры гады таму кардыналам Равазі, 200 кампакт-дыскаў, якія ўтрымліваюць усю творчасць Вольфганга Амадэя Моцарта, мноства кампакт-дыскаў з музыкай Людвіга ван Бетховена і шмат твораў Іагана Себасцьяна Баха і Рыхарда Вагнера. Таксама ёсць музычныя носьбіты з танга аргентынскага кампазітара другой паловы XX стагоддзя Астара П'яцолы, операмі Джузэпэ Вэрдзі і іншых італьянскіх кампазітараў.
“Апрача класічнай музыкі, Францішак цікавіцца і іншымі музычнымі жанрамі. Апошні кампакт-дыск, які ён перадаў мне, адзін з яго асабістых, – гэта гістарычны кампакт-дыск Эдыт Піаф, зборнік яе самых вядомых песень”, - прызнаўся іерарх, адказны ў Святым Пасадзе за культуру. Акрамя таго, Пантыфік перадаў музычнай бібліятэцы кампакт-дыск Элвіса Прэслі з 25 песнямі госпел.
Ідэя стварэння папскай музычнай калекцыі прыйшла кардыналу Равазі, калі некалькі гадоў таму Францішак даслаў яму кампакт-дыскі з класічнай музыкай. Папа з энтузіязмам прыняў ідэю і даслаў іерарху скрынку з кружэлкамі. Да сённяшняга дня ён перадае кампакт-дыскі, якія атрымаў у падарунак. “Нядаўна калекцыя папоўнілася вінілавымі пласцінкамі з музыкай Кшыштафа Пендэрэцкага”, - паведаміў старшыня Папскай рады па культуры.
Некаторыя з дыскаў утрымліваюць кароткія каментарыі Святога Айца да твораў. Напрыклад, у альбоме з песнямі Эдыт Піаф Францішак звярнуў увагу на голас спявачкі, у якім “дзівосна выяўляецца парыжскі свет”. “Адчуваецца, што ён слухае музыку вельмі ўважліва, згадвае розных дырыжораў і галасавы дыяпазон, а таксама імёны выканаўцаў, якія яму найбольш спадабаліся”, - прызнаўся кардынал, які мае намер апублікаваць каментарыі Папы і дакладны змест папскай музычнай калекцыі.
Любоў да музыкі зарадзілася ў цяперашняга Пантыфіка яшчэ ў дзяцінстве. “Аднойчы Папа сказаў мне, што ў дзяцінстве яны з маці слухалі дома радыёзапісы опер, у асноўным італьянскіх”, - распавёў іерарх.
11 студзеня 2022 года спявачка Святлана Касьян падарыла Францішку свой музычны альбом Fratelli Tutti, які запісала адмыслова да 85-годдзя Пантыфіка. У яго расійская оперная зорка ўключыла творы на розных мовах – ад латыні да кітайскай.
Трэба нагадаць, што некалькі дзён таму Францішак з прыватным візітам наведаў адну з рымскіх музычных крам каля Пантэона.