Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абнародавана пасланне Святога Айца на Вялікі пост

Не спыняцца рабіць дабро, заклікаў Святы Айцец у сваім пасланні на Вялікі пост, жадаючы, каб гэты час навяртання прынёс плады вечнага збаўлення. Дакумент быў абнародаваны 24 лютага 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Вялікі пост – гэта спрыяльны час для асабістага і супольнага аднаўлення, што вядзе нас да Пасхі смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста”, - нагадаў Папа, заклікаючы вернікаў паразважаць над заклікам апостала Паўла, скіраваным галатам: “Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем. Дык вось, пакуль дадзены час (καιρός), будзем рабіць дабро ўсім” (Гал 6, 9–10a).

У нашым жыцці “занадта часта пераважаюць прагнасць і ганарыстасць, жаданне мець, назапашваць і спажываць”, але “Вялікі пост запрашае нас да навяртання, да перамены мыслення такім чынам, каб у жыцці была праўда і прыгажосць не столькі ў тым, каб мець, колькі ў тым, каб даваць; не столькі ў тым, каб назапашваць, колькі ў тым, каб сеяць дабро і дзяліцца”, - сцвердзіў Францішак.

На працягу Вялікага посту мы пакліканы “адказаць на дар Бога, прымаючы Яго слова”, якое “робіць нашае жыццё плённым”. “Гэты заклік сеяць дабро павінен успрымацца не як цяжар, але як ласка, праз якую Стварыцель жадае, каб мы актыўна далучыліся да Яго плённай велікадушнасці”, - дадаў Папа, падкрэсліваючы, што “здольнасць сеяць дабро для іншых вызваляе нас ад вузкай логікі асабістай выгоды і надае нашай дзейнасці глыбокі подых бескарыслівасці, уключаючы нас у цудоўны далягляд добразычлівых планаў Бога”.

Францішак зазначыў, што “перад абліччам горкага расчаравання ў шматлікіх разбітых марах, перад абліччам заклапочанасці выклікамі, якія пагражаюць, перад абліччам знеахвочання з-за беднасці нашых сродкаў з’яўляецца спакуса закрыцца ва ўласным індывідуалістычным эгаізме і ўцячы ў абыякавасць да цярпенняў іншых людзей”. Але Бог “дае стомленаму сілу, Ён умацоўвае знямоглага”: “Вялікі пост заклікае нас зноў ускласці нашу веру і нашу надзею на Пана, бо толькі з позіркам, скіраваным на Езуса Хрыста ўваскрослага, мы можам прыняць заклік Апостала “Не спыняймася рабіць дабро”.

Папа заклікаў таксама не спыняцца маліцца, бо мы маем патрэбу ў Богу, а “самадастатковасць – гэта небяспечныя ілюзія”. “Ніхто не збаўляецца ў адзіночку, бо ўсе мы ў адным чаўне сярод бураў гісторыі; але перадусім ніхто не збаўляецца без Бога, бо толькі пасхальная таямніца Езуса Хрыста дае перамогу над цёмнымі водамі смерці”, - дадаў ён.

Пантыфік заахвоціў не спыняцца выкараняць зло з нашага жыцця. “Не спыняймася прасіць прабачэння ў сакрамэнце пакаяння і паяднання, памятаючы пра тое, што Бог ніколі не спыняецца прабачаць. Не спыняймася змагацца з пажадлівасцю, гэтай слабасцю, якая штурхае да эгаізму і да ўсялякага зла, знаходзячы на працягу стагоддзяў розныя шляхі для таго, каб увесці чалавека ў грэх. Адзін з гэтых шляхоў – рызыка залежнасці ад электронных сродкаў камунікацыі, што збядняе чалавечыя адносіны. Вялікі пост – гэта спрыяльны час для таго, каб супрацьстаяць гэтым подступам і, наадварот, развіваць больш інтэгральную міжчалавечую камунікацыю, створаную з “сапраўдных сустрэч”, тварам да твару”, - напісаў Святы Айцец.

Папа заклікаў не спыняцца рабіць дабро ў дзейснай любові да бліжняга, практыкуючы міласціну і даючы з радасцю. “Вялікі пост – спрыяльны час для таго, каб шукаць, а не пазбягаць таго, хто ў патрэбе; каб клікаць, а не ігнараваць таго, хто жадае быць выслуханым і пачуць добрае слова; каб наведваць, а не пакідаць таго, хто пакутуе ад самотнасці”, - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік заклікаў прасіць Бога аб “цярплівай трываласці земляроба, каб не аслабнуць у здзяйсненні добрых спраў, крок за крокам”. “Калі хто падае, няхай працягне руку да Айца, які заўсёды нас падымае. Калі хто згубіўся, падмануты спакусамі злога, няхай не адкладае вяртання да Яго, які “шчодры на прабачэнне”, - дадаў ён.

“У гэты час навяртання, знаходзячы падтрымку ў Божай ласцы і ў камуніі Касцёла, не спыняймася сеяць дабро. Пост падрыхтоўвае глебу, малітва палівае, міласэрнасць запладняе”, - падкрэсліў Святы Айцец, дадаючы, што “мы маем упэўненасць у веры, што “ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем”, і што з дарам цярплівасці атрымаем абяцаныя даброты для збаўлення нашага і іншых людзей”.

24 лютага 2022, 11:30