Апублікавана праграма падарожжа Папы на Мальту
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак прыбудзе на Мальту раніцай 2 красавіка. Пасля цырымоніі прывітання ў мясцовым міжнародным аэрапорце ён здзейсніць візіт ветлівасці да Прэзідэнта краіны, сустрэнецца з Прэм’ер-міністрам і звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў і дыпламатычнага корпуса. Усе гэтыя падзеі адбудуцца ў Палацы Вялікага магістра ў Валеце.
Затым Святы Айцец адправіцца на востраў Гоца, які ўваходзіць у склад Мальтыйскага архіпелагу. Тут ён наведае марыйны санктуарый Та’Піну, дзе правядзе малітоўную сустрэчу.
У нядзелю 3 красавіка раніцай, у будынку Апостальскай нунцыятуры ў Рабаце, Францішак сутрэнецца з мальтыйскімі езуітамі. Потым ён адведае Гроту святога Паўла ў рабацкай базыліцы і адправіцца ў горад Фларыяна, дзе ўзначаліць святую Імшу і малітву Анёл Панскі на плошчы перад касцёлам святога Публія. Апошнім пунктам візіту Папы на Мальту стане сустрэча з мігрантамі Цэнтры John XXIII Peace Lab, пасля якой Францішак адправіцца ў аэрапорт і вылеціць у Рым.