Пошук

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі аб’яднання Diaconie de la Beauté Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі аб’яднання Diaconie de la Beauté 

Францішак пра евангелізацыю праз мастацтва

Папа прыняў 17 лютага 2022 года ў Ватыкане прадстаўнікоў французскага аб’яднання Дыяконія прыгажосці (Diaconie de la Beauté), якое займаецца евангелізацыяй праз мастацтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святое Пісанне шмат гаворыць пра прыгажосць сусвету, якая па аналогіі адносіцца да прыгажосці Створцы, яно таксама нагадвае аб тым, што кожны чалавек натуральным чынам пакліканы быць майстрам і захавальнікам гэтай прыгажосці, - заўважыў Францішак. “Мастацкі твор у пэўным сэнсе завяршае прыгажосць стварэння і, натхнёны верай, больш выразна адкрывае людзям тую Боскую любоў, якая ляжыць у яго вытоках”, - дадаў ён.

Дзякуючы Дыяконіі за дзесяцігадовую працу, Пантыфік запрасіў сваіх гасцей уважліва перачытаць Ліст да людзей мастацтва Яна Паўла ІІ, у якім адзначаецца неабходнасць мастацтва для перадачы паслання, даверанага Касцёлу Хрыстом. Менавіта мастацтва робіць духоўны, нябачны, Божы свет адчувальным, яно “мае здольнасць спасцігаць той ці іншы аспект паслання, пераводзячы яго ў колеры, формы, гукі, якія падтрымліваюць інтуіцыю тых, хто глядзіць або слухае”.

Францішак заклікаў Дыяконію прыгажосці размаўляць з сённяшнім чалавекам, кранаючы ў ім самае лепшае. “Касцёл разлічвае на вас сёння ў дапамозе братам і сёстрам мець чулае і спагадлівае сэрца, адноўлены позірк любові на свет і бліжніх”.

“У цяжкім бягучым кантэксце, у якім існуе свет, калі часам, здаецца, пераважаюць разгубленасць і смутак, ваша місія як ніколі неабходная, таму што прыгажосць заўсёды з’яўляецца крыніцай радасці, дапамагаючы нам сустрэцца з Божай дабрынёй. (...) Свет сёння як ніколі патрабуе прыгажосці”, - адзначыў Папа.
 

17 лютага 2022, 13:05