Пошук

Аўдыенцыя для Нацыянальнай асацыяцыі альпійскіх стралкоў Аўдыенцыя для Нацыянальнай асацыяцыі альпійскіх стралкоў 

Францішак: альтруізм і служэнне ўмацоўваюць братэрства

Грамадства патрабуе сведчання грамадзянскай і хрысціянскай адказнасці, - нагадаў Святы Айцец членам дэлегацыі італьянскай Нацыянальнай асацыяцыі альпійскіх стралкоў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

26 лютага 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў гэтага ветэранскага аб’яднання, члены якога шырока задзейнічаны ў дабрачынных ініцыятывах і аказваюць падтрымку як валанцёры ў выпадках надзвычайных сітуацый не толькі на тэрыторыі Італіі, але і ў многіх іншых краінах свету. Пантыфік падзякаваў ім за гэта прыгожае сведчанне братэрства і служэння.

Сакрэтам гэтага братэрства, на думку Святога Айца з’яўляецца альтруізм, які характарызуе членаў аб’яднання. “Вы з’яўляецеся альпійскімі стралкамі не для сябе, а для іншых”, прапануючы “зрабіць больш шырокай сям’ю” праз адкрытасць на супрацоўніцтва з усімі: з вайскоўцамі, які служаць у арміі, але таксама і з дабрачыннымі арганізацыямі.

“Сёння, ва ўдушлівай атмасферы індывідуалізму, якая робіць абыякавымі многіх, трэба пачынаць з гэтага: знайсці энтузіязім, каб клапаціцца пра іншых. Гэта важна і гэта з’яўляецца вашым сведчаннем”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што братэрства ўмацоўваецца ў служэнні іншым людзям. Ён звярнуў увагу на валанцёрскую падтрымку, якую ветэраны-альпійцы аказваюць людзям у сітуацыях пакут і нястачы, каб яны не адчувалі сябе самотнымі і забытымі. Служэнне братам, асабліва тым, хто мае найбольшую патрэбу з’яўяецца канкрэтным выразам вернасці Евангеллю, - дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў пра чатырох благаслаўлёных, якія належалі да Нацыянальнай асацыяцыі альпіскіх стралкоў і гераічна і самаахвярна ўцелаўлялі пасланне Езуса: ксяндза Карла Н’ёкі, ксяндза Сэконда Поа, Тэрэзіа Алівэлі і Фратэля Луіджы Бардзіна. Францішак заклікаў сваіх гасцей быць моцна прывязанымі да гэтых сваіх каранёў, каб грамадства надалей мела прыклад братэрства і служэння альпійскіх стралкоў: прыклад грамадзянскай і хрысціянскай адказнасці, у якім існуе вялікая патрэба ў наш час.

Завяршаючы прамову Папа пажадаў, каб служэнне альпійцаў было пазначана блізкасцю да самых слабых, у якіх прысутнічае Езус, аб чым казаў Ён сам: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40).

26 лютага 2022, 12:58