Францішак: пакласці канец калечанню і эксплуатацыі жанчын
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папа заўважыў, што 6 лютага адзначаецца Міжнародны дзень нецярпімых адносін да аперацый, якія калечаць жаночыя палавыя органы. “Каля трох мільёнаў дзяўчын штогод падвяргаюцца такім аперацыям, часта ў вельмі небяспечных для іх жыцця ўмовах. Гэта практыка, на жаль распаўсюджаная ў розных рэгіёнах свету, прыніжае годнасць жанчыны і цяжка парушае яе фізічную цэласнасць”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў таксама, што 8 лютага, у літургічны ўспамін святой Жазэфіны Бакіты, будзе адзначаецца Міжнародны дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі.
“Гэта глыбокая рана, нанесеная бессаромным пошукам эканамічнай выгады без якой-кольвечы павагі да чалавечай асобы. Многія дзяўчыны, якіх бачым на вуліцах, не з’яўляюцца свабоднымі, але нявольніцамі гандляроў людзьмі, што пасылаюць іх працаваць, а калі яны не прыносяць грошы – збіваюць іх. Гэта адбываецца сёння ў нашых гарадах. Падумаем пра гэта сур’ёзна”, - сказаў Папа.
“Перад абліччам гэтых ран чалавецтва, выказваю мой боль і заклікаю людзей, надзеленых адказнасцю, дзейнічаць рашуча, каб пакласці канец як эксплуатацыі, так і ганебным практыкам, якім асаблівым чынам падвяргаюцца жанчыны і дзяўчыны”, - заклікаў Святы Айцец.