Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да моладзі: патрэбна прароцтва ненасілля

24 лютага 2022 года вечарам Францішак прыняў удзел у анлайн-сустрэчы “Будаванне мастоў паміж Поўначчу і Поўднем” са студэнтамі ўніверсітэтаў Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Будаванне мастоў – гэта неад’емная частка хрысціянскай тоеснасці: Хрыстус прыйшоў, каб узвесці масты паміж Айцом і намі. Хрысціянін, які не будуе масты, забыўся пра свой хрост”, - сказаў Святы Айцец падчас тэлемосту, у рамках якога размаўляў з амерыканскай моладдзю амаль дзве гадзіны.

Каментуючы сведчанне дзяўчыны з Бразіліі, якая спазнала досвед вялікага насілля ў сваёй краіне, Францішак падкрэсліў, што адказам на яго павінна быць “актыўнае ненасілле”. “Гэта найважнейшае заданне, якое чакаецца ад вас – асуджэнне насілля”, - дадаў Папа.

“Насілле разбурае, насілле не стварае, і мы бачым гэта ў вайсковых і невайсковых дыктатурах на працягу гісторыі. Мы патрабуем прароцтва ненасілля. Вельмі лёгка адказаць урадам на ўдар, замест таго, каб падставіць другую шчаку”, - сцвердзіў Пантыфік, нагадваючы юнакам і дзяўчатам пра прыклад негвалтоўнага супраціву Гандзі.

Гаворачы пра праблемы, звязаныя з абаронай навакольнага асяроддзя, Францішак нагадаў, што кожны год каля 20 мільёнаў чалавек вымушаны пакідаць свае родныя землі ў сувязі з кліматычнымі зменамі. Паводле прагнозаў, да 2060 года колькасць “кліматычных бежанцаў” складзе 1,4 мільярда чалавек. У сувязі з гэтым Папа заклікаў моладзь клапаціцца пра прыроду: “Пан прабачае заўсёды, мы прабачаем час ад часу, але прырода не прабачае ніколі”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Пантыфік таксама нагадаў юнакам і дзяўчатам пра важнасць дыялогу паміж пакаленнямі. “Адна з самазабойчых з’яў для грамадства – гэта адмаўленне ад сваіх каранёў. Кожны павінен клапаціцца пра ўласныя карані, таму я настойваю на дыялогу паміж пажылымі людзьмі і моладдзю, падкрэсліў Францішак.

25 лютага 2022, 10:11