Пошук

Папа Францішак і шэйх Ахмед Аль-Таеб Папа Францішак і шэйх Ахмед Аль-Таеб 

Францішак: братэрства – ратавальны круг для чалавецтва

Пантыфік скіраваў відэапасланне з нагоды ІІ Міжнароднага дня агульначалавечага братэрства, нагадваючы, што той, хто пакланяецца Богу з шчырым сэрцам, любіць таксама і бліжняга свайго.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Братэрства – гэта адна з фундаментальных і ўсеагульных каштоўнасцей, якая павінна ляжаць у аснове адносін паміж народамі, каб усе, хто пакутуе ці знаходзіцца ў цяжкім становішчы, не адчувалі сябе адчужанымі і забытымі, але прынятымі, падтрыманымі як члены адной чалавечай сям’і. Мы – браты!”, - падкрэсліў Папа.

Францішак выказаў перакананасць у тым, што падзяляючы пачуццё братэрства, усе павінны станавіцца прыхільнікамі культуры міру, якая будзе натхняць устойлівае развіццё, талерантнасць, інклюзіўнасць, узаемнае разуменне і салідарнасць.

“Мы ўсе жывём пад адным небам, незалежна ад паходжання, колеру скуры, рэлігіі, сацыяльнага класу, полу, узросту, стану здароўя і эканамічнага становішча. Мы ўсе розныя і адначасова роўныя, а актуальны перыяд пандэміі паказаў гэта. Паўтараю яшчэ раз: нельга ўратавацца ў адзіночку!”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец перакананы, што жывучы пад адным небам і будучы Божымі стварэннямі, у Яго імя вызнаўцы розных рэлігій павінны прызнаваць сябе братамі і сёстрамі. “Як вернікі, што прыналежаць да розных рэлігійных традыцый, мы маем заданне, якое павінны выканаць. Што гэта за заданне? – Дапамагчы нашым братам і сёстрам узнесці позірк і малітву да Неба. Уздымем вочы да Неба, бо той, хто пакланяецца Богу з шчырым сэрцам, любіць таксама і бліжняга. Братэрства вядзе нас да адкрытасці перад Айцом усіх і бачання ў іншым брата, сястры, раздзялення з ім жыцця, да ўзаемнай падтрымкі, да любові і пазнання іншых”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што сёння спрыяльны час для таго, каб ісці ўсім разам: вернікам і ўсім людзям добрай волі. Ён заклікаў да святкавання адзінства ў разнастайнасці, адзначаючы важнасць развіцця салідарнасці паміж людзьмі і пераадолення абыякавасці, таму што “або будзем братамі, або рухне ўсё”.

“І гэта не з’яўляецца выключна літаратурным выразам трагедыі: гэта праўда! Або будзем братамі, або рухне ўсё. Мы бачым гэта ў малых войнах, у гэтай фрагментарнай трэцяй сусветнай вайне, у знішчэнні народаў, у дзецях, якія не маюць ежы, у змяншэнні адукаванасці... Гэта катастрофа. Або будзем братамі, або рухне ўсё”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік зазначыў, што шлях да братэрства – доўгі і складаны, але ён з’яўляецца “ратавальным кругам для чалавецтва”. Ён заклікаў супрацьпаставіць братэрства шматлікім сігналам трывогі, цёмным часам, логіцы канфлікту і выказаў падзяку ўсім, хто працуе на карысць згоды і міру.
 

04 лютага 2022, 09:37