Францішак прапанаваў тэму Дня мігранта і бежанца
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак жадае падкрэсліць, што “мы ўсе пакліканы ўключыцца ў стварэнне будучыні, адпаведнай задуме Бога, не выключаючы нікога”, - тлумачыцца ў паведамленні Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, якое было апублікавана 22 лютага 2022 года.
“Ствараць разам” значыць, у першую чаргу, прызнаваць і падтрымліваць уклад мігрантаў і бежанцаў у будаванне свету, у якім будуць гарантаваны ўмовы для інтэгральнага чалавечага развіцця ўсіх, - гаворыцца ў камюніке ватыканскага ведамства.
Пасланне Святога Айца, “падзеленае на шэсць падтэм, аналізуе некаторыя важныя аспекты ўкладу мігрантаў і бежанцаў – рэальнага і патэнцыйнага – у сацыяльнае, эканамічнае, культурнае і духоўнае развіццё грамадства і касцёльнай супольнасці”.
Напрыканцы сакавіка, з мэтай спрыяння належнай падрыхтоўцы да Дня мігранта Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, распачне традыцыйную камунікацыйную кампанію, якая павінна дапамагчы глыбейшаму разуменню тэмы паслання. У яе рамках будуць апублікаваны адмысловыя мультымедыйныя інфармацыйныя матэрыялы і тэалагічныя разважанні.
Сусветны дзень мігранта і бежанца заснаваў у 1914 г. Пій X. Раней яго адзначалі ў Касцёле ў Другую звычайную нядзелю літургічнага года. Пачынаючы з 2019 г., згодна з рашэннем Францішка, ён адзначаецца ў другую нядзелю верасня. Дату абралі, кіруючыся душпастырскімі меркаваннямі.