Пантыфік наведаў пасольства Расіі пры Святым Пасадзе
Францішак наведаў пасольства Расійскай Федэрацыі пры Святым Пасадзе, гаворыцца ў паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы, апублікаваным 25 лютага 2022 года.
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Адзначаецца, што падчас візіту, які працягваўся каля паўгадзіны, Святы Айцец пажадаў выказаць свой непакой у сувязі з вайной ва Украіне.
На працягу некалькіх апошніх дзён Францішак і яго бліжэйшыя супрацоўнікі неаднаразова скіроўвалі заклікі да міру. Падчас агульнай аўдыенцыі 23 лютага ён прызнаўся, што адчувае вялікі боль у сэрцы з прычыны пагаршэння сітуацыі ва Украіне.
Пантыфік заклікаў усе бакі “ўстрымацца ад любых дзеянняў, якія прычыняць яшчэ большыя пакуты насельніцтву, дэстабілізуюць суіснаванне паміж дзяржавамі і дыскрэдытуюць міжнароднае права”, а таксама запрасіў вернікаў і няверуючых зрабіць 2 сакавіка 2022 года, Папяльцовую сераду, днём посту ў інтэнцыі міру.
25 лютага 2022, 13:08