Пошук

Цырымонія ўручэння Прэміі Заіда за чалавечае братэрства Цырымонія ўручэння Прэміі Заіда за чалавечае братэрства 

Пантыфік прывітаў лаўрэатаў Прэміі за братэрства

Францішак скіраваў відэапасланне з нагоды ўручэння Прэміі Заіда за чалавечае братэрства (Zayed Award for Human Fraternity), названай у гонар шэйха Заіда бэн Султана аль-Нахаяна, першага кіраўніка ААЭ.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Лаўрэатамі ўзнагароды сёлета сталі іарданскі кароль Абдала ІІ ібн Хусейн, яго жонка, каралева Ранія аль-Абдала, і гаіцянская праваабарончая арганізацыя Foundation for Knowledge and Liberty. Цырымонія яе ўручэння прайшла 28 лютага 2022 года ў Абу-Дабі.

Папа нагадаў, што прэмія прысуджаецца за намаганні, накіраваныя на спрыянне развіццю чалавецтва і прасоўванне мірнага суіснавання. “Яна з’яўляецца магчымасцю падтрымаць і падзякаваць усім, хто працуе на карысць справядлівасці, салідарнасці і братэрства, прапанавых у Дэкларацыі аб усеагульным братэрстве”, - дадаў ён.

Святы Айцец пажадаў, каб прэмія стала для яе лаўрэатаў стымулам працягваць прыкладаць намаганні на карысць адзінства ўсёй чалавечай сям’і і сусветнага міру, а таксама ўстанаўлення каштоўнасцей, якія паходзяць з любові: каштоўнасцей талерантнасці і братэрства.

“Маю надзею, што іх прыклад будзе натхняць іншых на распачацце ініцыятыў, якія спрыяюць мірнаму суіснаванню і будуць знакам плённага супрацоўніцтва паміж людзьмі розных рэлігій на службе ўсяму чалавецтву”, - дадаў Францішак.

Папа нагадаў пра ўклад іарданскай каралеўскай сям’і ў прыняцце бежанцаў, прасоўванне каштоўнасцей мірнага суіснавання, дыялогу паміж рэлігіямі, барацьбу супраць розных форм дыскрымінацыі і эмансіпацыі моладзі і жанчын. Пантыфік таксама выказаў радасць, што прэмія была ўручана гаіцянскай Foundation for Knowledge and Liberty, які служыць агульнаму дабру, абараняючы правы чалавека, асабліва права на адукацыю.

“Патрэбны запал і крэатыўнасць, каб вярнуць Гаіці канкрэтную перспектыву лепшай будучыні. Гаіцянскі народ вельмі шмат пакутаваў ад прыродных катаклізмаў, сацыяльных праблем і надзвычайных гуманітарных сітуацый. Будзем маліцца за Гаіці: там добры, здольныя, рэлігійныя людзі, але якія пакутуюць шмат!”, - сказаў на завяршэнне прамовы Святы Айцец.

28 лютага 2022, 14:05