Пошук

Папа падчас святой Імшы ў Дзень кансэкраванага жыцця Папа падчас святой Імшы ў Дзень кансэкраванага жыцця 

Пантыфік да кансэкраваных: паставіць Езуса ў цэнтр жыцця

Кансэкраваныя асобы пакліканы па прыкладзе Сімяона і Ганны дазволіць Святому Духу натхніць сябе, глядзець у будучыню і ўзяць Езуса на рукі, - перакананы Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Вечарам 2 лютага 2022 года у ватыканскай базыліцы святога Пятра Францішак узначаліў ўрачыстую літургію з нагоды свята Ахвяравання Пана і ХХVI Сусветнага дня кансэкраванага жыцця. Яна распачалася працэсіяй са свечкамі, у якой бралі ўдзел шматлікія прадстаўнікі інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, прысутныя ў Рыме.

У гаміліі Пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак пра ахвяраванне Езуса ў ерузалемскай святыні, заклікаючы кансэкраваных асоб паглядзець на сваё жыццё праз прыклад Сімяона і Ганны, якія, чакаючы спаўнення Божага абяцання і прыйсця Месіі, зрабілі тое, што дапамагло ім знайсці Езуса.

У першую чаргу яны натхняліся Святым Духам, а не духам гэтага свету і пошукам велічы і бачнасці, - заўважыў Папа. “У той час як Святы Духу вядзе да распазнання Бога ў маласці і крохкасці Дзіцяці, мы часам рызыкуем разглядаць сваю кансэкрацыю ў катэгорыях вынікаў, мэт і поспеху”, - папярэдзіў Пантыфік, заклікаючы кансэкраваных асоб паразважаць пра тое, які дух па-сапраўднаму натхняе іх.

Нагадваючы пра тое, што ў Дзіцятку Езусе Сімяон убачыў збаўленне, Францішак звярнуў увагу на “вялікі цуд веры”, якая адкрывае вочы і перамяняе позірк. Папа зазначыў, што вера пачынаецца са спагадлівага позірку Бога на нас, што дае нам “новыя вочы, каб глядзець на сябе і свет”, а таксама на сітуацыі, якія перажываем, нават самыя балючыя.

“А што бачаць нашы вочы? Якую візію кансэкраванага жыцця маем мы?”, - спытаўся Папа, падкрэсліваючы, што Святы Дух запрашае нас “развіваць абноўлены позірк на кансэкраванае жыццё”. Праз крызіс, недахоп пакліканняў і ўпадак сіл “Святы Дух заклікае нас абнавіць наша жыццё і нашы супольнасці”, Сімяон і Ганна не аплаквалі мінулае, а “раскрылі рукі, каб прыняць будучыню, якая выходзіць насустрач ім”, - дадаў Францішак.

Разважаючы над узяццем Дзіцятка Езуса Сімяонам на рукі, Папа заўважыў, што прыняцце Езуса павінна быць “цэнтрам нашай веры”. Мы рызыкуем “згубіцца сярод тысяч спраў, засяроджваючыся на другасным”, але “цэнтр усяго – Хрыстус, якога мы павінны прыняць у сваё жыццё як Сімяон”.

Паводле Папы, “калі кансэкраваным асобам не хапае слоў, каб благаслаўляць Бога і іншых, калі не хапае радасці, калі не хапае запалу, калі братэрскае жыццё становіцца цяжарам”, то гэта не таму, што мы з’яўляемся “ахвярамі кагосьці ці чагосьці”, але таму, што “нашы рукі ўжо не трымаюць Езуса”.

“Давайце спытаем сябе пра тое, што натхняе нашы сэрцы і ўчынкі, якое абноўленае бачанне мы пакліканы развіваць, а ў першую чаргу, давайце возьмем Езуса на рукі”, - заахвоціў кансэкраваных асоб Святы Айцец.
 

03 лютага 2022, 09:18