Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да семінарыстаў: будзьце пастырамі, уважлівымі да пакут народа

Будзьце святарамі, якіх спальвае жаданне несці Евангелле на шляхі свету, - заклікаў Пантыфік навучэнцаў Папскай ламбардскай семінарыі святых Амброзія і Карла ў Рыме, якіх прыняў 7 лютага 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак нагадаў, што 6 лютага адзначалася 100-годдзе з дня абрання на Пасад святога Пятра Пія ХІ – аднаго з першых выпускнікоў ламбардскай духоўнай семінарыі. Першым публічным жэстам гэтага Папы стала ўдзяленне благаслаўлення Urbi et Orbi не знутры базылікі святога Пятра, як рабілася на працягу многіх гадоў, а са знешняй лоджыі, якая выходзіць на плошчу святога Пятра – у бок Рыму і свету, - заўважыў Папа.

“Гэтым жэстам ён нагадвае нам, што трэба адкрыцца, пашырыць далягляд служэння на вымярэнне свету, каб дасягнуць кожнага дзіця, якога Бог жадае ахапіць сваёй любоўю. Прашу вас, давайце не будзем заставацца забарыкадаванымі ў сакрыстыях і ствараць малыя закрытыя групкі, дзе можна супакойваць адзін аднаго і заставацца бестурботнымі. Ёсць свет, які чакае Евангелля, і Пан прагне, каб Яго пастыры былі падобнымі да Яго, несучы ў сэрцы і на плячах чаканні і цяжкасці статку”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў будучых святароў мець “адкрытыя, спагадлівыя і міласэрныя сэрцы; мець працавітыя і шчодрыя рукі, запэцканыя і зраненыя з любові, якія Езус меў на крыжы”, бо “так служэнне стане Божым благаслаўленнем для свету”.

Папа заўважыў, што жэст Пія XI быў “каштоўнейшым за тысячу слоў”. У сувязі з гэтым ён пажадаў семінарыстам, каб іх вучоба не была адарванай ад рэальнасці, але ўважлівай да канкрэтных сітуацый Касцёла і свету. “Патрэбна жыццёвае сведчанне: будзьце святарамі, якіх спальвае жаданне несці Евангелле на шляхі свету, у кварталы і дамы, асабліва ў самыя бедныя і забытыя месцы. Патрэбны сведчанне, жэсты, такія як першы жэст Пія ХІ”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што ў сваёй першай урачыстай гаміліі Пій ХІ казаў пра місіянерства і прапаноўваў паразважаць над пытаннем: “Што магу даць Пану?”. Пантыфік заклікаў семінарыстаў задавацца гэтым пытаннем на пачатку кожнага дня: не займацца непатрэбнымі і пустымі дыскусіямі, але памятаць, што Касцёл пакліканы жыць і распаўсюджваць Евангелле, і што ёсць цэлы свет, які прагне Хрыста.

Францішак працытаваў таксама словы Пія ХІ з энцыклікі Quadragesimo anno пра канцэнтрацыю вялікіх багаццяў у руках вузкага кола людзей, што дае ім дэспатычную ўладу. Папа заўважыў, што гэтыя словы застаюцца актуальнымі ў наш час, калі бездань паміж беднымі і багатымі становіцца ўсё шырэйшай. У гэтым кантэксце, пагоршаным пандэміяй, ён заклікаў будучых святароў быць “ткачам адзінства, асобамі, якія сціраюць няроўнасці, пастырамі, уважлівымі да пакут народа”.

“Вас чакаюць вялікія заданні”, - падкрэсліў Францішак, заклікаючы семінарыстаў прасіць Бога аб здольнасці марыць пра прыгожы Касцёл – “верны духу Евангелля, больш свабодны, братэрскі і радасны ў сведчанні аб Езусе, натхнёны прагненнем дасягнуць усіх, хто не ведае “Бога ўсякага сушэння”, а таксама пра Касцёл, які ўмацоўвае адзінства і рупліва клапоціцца пра бедных, у якіх прысутнічае Езус.

07 лютага 2022, 12:22