Францішак накіраваў дапамогу мігрантам на ўсходняй мяжы Літвы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Сродкі былі перададзены праз Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні гэтага ватыканскага ведамства, якое было апублікавана 12 лютага 2022 года.
“У супрацоўніцтве з Апостальскай нунцыятурай у Літве, гэта сума будзе выкарыстана для аказання дапамогі і набыцця лекаў, прадуктаў харчавання, цёплага адзення, каб аблегчыць суровыя ўмовы жыцця людзей у гэту халодную зіму, якія, на жаль, пагоршыліся з прычыны пандэмічнага крызісу, што зацягнуўся”, - падкрэсліваецца ў заяве.
Адзначаецца, што “гэта падтрымка з’яўляецца непасрэдным выразам пачуцця духоўнай блізкасці і бацькоўскай падтрымкі, якую папа Францішак, падчас нядзельных малітваў Анёл Панскі ў 2021 і пачатку 2022 года, неаднаразова выказваў да мігрантаў, бежанцаў і асоб, што просяць прытулку, якія знаходзяцца ў гэтым рэгіёне”.
18 студзеня 2022 года паведамлялася, што Святы Айцец перадаў 100 тысяч еўра на карысць груп мігрантаў, якія апынуліся паміж Польшчай і Беларуссю, а таксама дапамогу Caritas Polska для вырашэння надзвычайнай міграцыйнай сітуацыі на мяжы паміж дзвюма краінамі.